Эксперты: У брэсцкага прадпрымальніка знайшлі "асадку Джэймса Бонда"

Эксперты: У брэсцкага прадпрымальніка знайшлі "асадку Джэймса Бонда"

У Брэсце Следчы камітэт завяршыў расследаванне крымінальнай справы супраць мясцовага прадпрымальніка. 

Паведамляецца, што ў 2013-2015 гадах брэстаўчанін угаварыў двух сваіх знаёмых, каб яны перадалі яму 40 тысяч долараў і 317 мільёнаў недэнамінаваных рублёў. Сярод іншага, ён заахвочваў іх да перадачы хабару. 

Гэты ж мужчына ў 2015 годзе зрабіў заведама хлуслівае паведамленне ў міліцыю, што невядомы чалавек пашкодзіў яго аўтамабіль "Бэнтлі Кантыненталь". Насамрэч, як выявіла следства, мужчына сам пашкодзіў аўто, каб незаконна атрымаць страхоўку. "Белдзяржстрах" выплаціў яму больш за 492 мільёны недэнамінаваных рублёў.

Як удакладняе Дзяржаўны камітэт судмедэкспертызаў, дома ў мужчыны праваахоўнікі канфіскавалі агнястрэльную прыладу, вонкава падобную да аўтаматычнай асадкі. 

Паводле заключэння эксперта ўпраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Брэсцкай вобласці, гэтае прыстасаванне зробленае самаробным спосабам з выкарыстаннем заводскага абсталявання. Асадка прыдатная для стральбы патронамі кальцавога ўзгарання калібра 5,6 мм і з'яўляецца ручной адназараднай гладкаствольнай агнястрэльнай зброяй.

Як заявілі эксперты, гэтая прылада нагадвае асадку, якую ў кіно выкарыстоўваў сакрэтны агент Джэймс Бонд. Агент 007 карыстаецца такой асадкай у фільме "Ніколі не кажа "ніколі".

Мужчыну вінавацяць у махлярстве, падбухторванні да дачы хабару, заведама ілжывым даносе аб здзяйсненні злачынства, з карыслівых меркаванняў, а таксама ў незаконным набыцці, захоўванні, перавозцы і нашэнні агнястрэльнай зброі.

Крымінальная справа накіраваная ў суд для разгляду.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі