Эксперт: Вінаватага ў катастрофе вайсковага самалёта абавязкова знойдуць

“Значыць так, усё, што было неабходна размясціць на гэты конт, было размешчанае ў СМІ. І іншай інфармацыі не будзе”, — гэтак жорстка адказвае на пытанне пра вынікі катастроф баявых самалётаў у Беларусі прэс-сакратар Мінабароны Уладзімір Макараў. І больш ні слова.

А катастроф гэтых за гады незалежнасці было зусім нямала — у 1991—2014 гадах разбілася восем вайсковых самалётаў і адзін верталёт, дзесяць чалавек загінула. Вайсковы эксперт Аляксандр Алесін кажа, што ніводнага разу Мінабароны не тлумачыла дакладных прычын здарэнняў.

“Асабіста я не ведаю ніводнага выпадку, калі б былі апублікаваныя дакладныя прычыны той альбо іншай авіяцыйнай катастрофы. Дакладныя прычыны змяшчаюцца ў выніках расследаванняў, у афіцыйных актах, складзеных па выніках расследавання адмысловай камісіяй”, — расказвае ён.

Толькі аднойчы, у 1996 годзе, калі пад Баранавічамі загінуў Уладзімір Карват, прычынай здарэння былі названыя канструктыўныя асаблівасці самалёта. Потым — маўчанне. Хоць самалёты падалі ўсё часцей.

На думку Алесіна, прычынамі большасці катастроф беларускіх знішчальнікаў і штурмавікоў могуць быць два фактары: састарэласць авіятэхнікі і недахоп вопыту ў лётчыкаў. А ўсё гэта — праз беднасць беларускай арміі. Самым “новым” беларускім МіГам ужо каля 30 гадоў.

“Якой была пазаштатная сітуацыя, які канкрэтна вузел альбо дэталь не спрацавалі, якую менавіта памылку пілот здзейсніў, калі гэта была памылка пілатавання. Альбо гэта была іншая памылка, трэцяя прычына — па віне наземных службаў. Няправільны метэаралагічны прагноз альбо памылка дыспетчара. Прычын у лётнага здарэння можа быць мноства”, — пералічвае Алесін магчымыя прычыны авіякатастроф.

У выпадку катастрофы грамадзянскага лайнера, а такое ў Беларусі за гады незалежнасці было толькі аднойчы, таксама склікаецца камісія. Праводзіцца расследаванне з удзелам прадстаўнікоў вытворцы самалёта, уласніка, бліжэйшага ад месца катастрофы дыспетчарскага пункта, праваахоўных органаў. У выніку — следства і часта суд — авіякатастрофа, гэта заўсёды матэрыяльныя страты і часта чалавечыя ахвяры.

У выпадку катастрофы вайсковага самалёта таксама абавязкова знаходзяць адказнага, кажа Аляксандр Алесін. Але гэта звычайна адміністрацыйная адказнасць.

“Вядома, такога чалавека, які б тэарэтычна мог прадбачыць катастрофу, мог яе прадухіліць, быў абавязаны прадухіліць, але не зрабіў гэтага па нейкай прычыне, не змог зрабіць. Такі чалавек нясе адміністрацыйную адказнасць у выніку”.

У выніку вінаватага могуць пазбавіць вайсковага звання, пасады, альбо ўвогуле звольніць у запас.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі