Эксперт: Трэба весці работу, каб пераразмеркаваць падзел абавязкаў у сем’ях

120712 SalamacinaS.mp3

Еўрарадыё: Ці натуральная гэта з’ява калі бацька ідзе ў дэкрэт?

Ірына Саламаціна: Дэкрэт прадугледжаны Працоўным кодэксам. У 2008 годзе ў ім адбыліся пэўныя змены. Цяпер бацька таксама можа ісці ў дэкрэт. З іншага боку, мы кажам аб практыцы, якая тут і цяпер. Беларусь ужо чацвёрты раз рэалізуе так званы “Нацыянальны план па гендарнай роўнасці”. У рамках гэтай праграмы адбываюцца пэўныя сацыялагічныя замеры і даследаванні. На жаль, дакладнай статыстыкі па практыцы няма, але мы ведаем, што сама практыка ёсць. У маім атачэнні ёсць некалькі параў, дзе якраз мужчына бярэ дэкрэтны адпачынак. Чаму мужчыны, якія маюць права афармляць дэкрэтны адпачынак, яго не афармляюць? Мы ўсе маем правы і ў нас ёсць законы, але часам людзі з нейкіх іншых прычын не хочуць рэалізоўваць такую магчымасць.

Еўрарадыё: А што гэта за прычыны? Можа, мужчыны баяцца рэакцыі грамадства?

Ірына Саламаціна: Тут шмат прычын. Адразу пасля зменаў у кодэкс была адкрытая так званая тата-школа. Яна з 2009 года вядзе асветніцкую праграму сярод мужчын: чаму так важна сёння казаць пра партнёрства, пра бацькоўства… Гэта якраз тыя тэмы, якія вельмі актуальныя для цяперашніх сем’яў. Цяпер і мужчына, і жанчына хочуць працаваць, а калі ў іх ёсць дзеці — трэба вызначыць, як будуць размеркаваныя абавязкі даглядання за дзіцем. Трэба нейкім чынам дамаўляцца. Тыя змены ў кодэксе кажуць аб тым, што дзяржпалітыка сіліцца забяспечыць роўныя магчымасці мужчынам і жанчынам. З аднаго боку, гэта добра, з другога ж — гэтага мала, каб той закон пачаў працаваць.

Беларускае грамадства вельмі кансерватыўнае, і на гэта ёсць пэўныя прычыны. Калі мы зірнем на прэсу — мы ўбачым, што мала пішуць пра партнёрскія бацькоўскія адносіны, мала абмяркоўваюць, як можна ў сям’і спалучаць працоўную дзейнасць ды сямейныя абавязкі. Аб гэтым мала кажуць і дзяржчыноўнікі. На розных канферэнцыях кажуць аб тым, што мужчыны могуць браць дэкрэтны адпачынак, але цяпер трэба таксама аналізаваць, чаму беларускія мужчыны гэтага рабіць не хочуць. Калі яны не хочуць, то ёсць пэўныя прычыны. Значыць, трэба на працоўных месцах стымуляваць мужчын, матываваць мужчын, праводзіць тлумачальную работу: можа яны не ведаюць, што могуць, што маюць ільготы…

Апроч адпачынку, там ёсць цэлы шэраг, на маю думку, даступных ільготаў: калі маці ды бацька гадуюць трое і болей дзяцей да 16 гадоў, або дзіця-інваліда да 18 гадоў — то яны маюць права на адзін дадатковы вольны дзень сярод тыдня, прычым захоўваецца поўны заробак. Я, на жаль, не магу сказаць, якая колькасць сем'яў карыстаюць гэтымі льготамі. Так сама і адпачынак па доглядзе за дзіцем, які могуць браць і мужчына-бацька, і жанчына-маці, але статыстыкі аб гэтым няма.

Еўрарадыё: Часта кажуць, што прырода стварыла жанчыну на мацярынства, таму маці больш патрэбная дзіцяці на першы перыяд яго жыцця. А што выйдзе, калі з малым больш часу будзе праводзіць бацька, а не маці?

Ірына Саламаціна: Мы кажам пра прыроду, але мы забываемся, якое цяпер стагоддзе. Пра якую прыроду мы гаворым? Мы кажам пра часы мамантаў ці пра часы новых тэхналогій, свецкай дзяржавы ды татальнай адукацыі? І там, і там прырода, але яна як бы розная… Сёння мы жывём у такім глабалізаваным свеце… І разумееце, нашая беларуская дзяржава, беларуская дзяржаўная палітыка, што датычыцца сям’і — яна ж таксама арыентуецца якраз-такі не на прыроду, а арыентуецца на нейкія выклікі часу… Сям’я цяпер імкліва мяняецца, у краіне ідзе эканамічны крызіс — трэба пэўным чынам абараняць і сям’ю. Як вы ведаеце, у краіне ёсць вялікая дэмаграфічная праблема. Таму павінна быць вельмі сур’ёзная дзяржаўная палітыка, скіраваная на сферу сацыяльных паслугаў.

Казаць аб прыродзе мы можам шмат, але сёння біялогіяй мы нічога растлумачыць не можам. Мы жывём у сацыяльным свеце, які хутка мяняецца, і ўсе мы хочам у гэтым свеце быць паспяховымі. Але пры гэтым і жанчына, і мужчына — яны хочуць мець дзяцей. Дзяржава не выжыве, калі жанчыны перастануць раптам нараджаць. Таму трэба развіваць інстытут бацькоўства, працаваць і з мужчынамі, і з жанчынамі, бо, на маю думку, гэта не толькі праблема мужчын — імкнуцца быць бацькамі, але гэта праблема і жанчын, бо жанчына праз тыя традыцыяналісцкія погляды ў пэўным такім міні-асяроддзі не стварае мужчынам умоваў, каб тыя хацелі мець дачыненні да дзяцей. Калі жанчына гатовая на сябе браць падвойны цяжар — рэалізоўвацца і прафесійна, і як маці (а статыстыка паказвае, што беларускія жанчыны мала праблематызуюць гэтае пытанне, таму яны і знатужваюцца), то трэба працаваць і з жанчынамі. Калі яны змогуць пераразмеркаваць працу даглядання за дзіцяці, то гэта будзе добра і дзіцяці, і жанчыне, і сям’і.

Еўрарадыё: А ці рабіліся даследаванні, як на дзіця ўплывае тое, калі з ім больш часу праводзіць бацька, а не маці?

Ірына Саламаціна: У Беларусі такія даследаванні не праводзіліся, але ёсць статыстыка па Швецыі і еўрапейскіх краінах. Патэнцыял выжывальнасці сям’і… Дзеці выгодней пачуваюцца. Вядома! У вольным доступе ў інтэрнэце выклалі такую кніжку, якая называецца “Папа-школа шаг за шагом”. Гэта такі невялікі дапаможнік, дзе прыводзяць статыстыку па еўрапейскіх краінах ды ўвогуле праграму рэабілітацыі бацькоў на постсавецкай прасторы, тлумачэнне сутнасці інстытуцыі бацькоўства. Калі мы кажам пра бацькоўства, то кажам перш-наперш пра роўныя, эгалітарныя дачыненні як у прафесійнай сферы, так і сферы бацькоўства паміж партнёрамі, што гадуюць дзяцей.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі