Эксперт: Макей атрымаў больш самастойную ўстанову з вялікімі рэсурсамі

Сяргей Мартынаў, які амаль 10 гадоў узначальваў МЗС, вызвалены са сваёй пасады. Яго заменіць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Уладзімір Макей. Што гэта можа значыць і ці зменіцца знешняя палітыка Беларусі, Еўрарадыё запыталася ў экспертаў.

“Першае, беларускія ўлады хочуць неяк паказаць, што кіраваць гэтай установай будзе асоба, якая з’яўляецца архітэктарам пацяплення адносінаў паміж Беларуссю і ЕС у 2008-2010 гадах. З іншага боку, можна гэта пракаментаваць тым, што Лукашэнка хацеў неяк узмацніць свой уплыў на МЗС Беларусі. І ўзмацненне гэта праходзіць праз прызначэнне спадара Макея міністрам замежных спраў”, - дзеліцца сваім меркаваннем польскі палітолаг Войтэк Бародзіч, які не лічыць прызначэнне Макея міністрам замежных спраў нечаканым.

Не здзіўляецца такому “перамяшчэнню” і эканаміст Леанід Заіка, які ўваходзіў у Грамадска-кансультацыйную раду пры Адміністрацыі прэзідэнта, створаную з ініцыятывы Уладзіміра Макея. Па словах Заікі, ён тады ж прадказваў сыход Макея з Адміністрацыі. Праўда, будучыню Макея ён хутчэй бачыў амбасадарам у Вене, дзе вялікая плынь кантактаў у рамках АБСЕ.

Леанід Заіка: “У яго кантакты ёсць з шмат якімі амбасадарамі, з дыпламатамі, прадстаўнікамі Еўрасаюзу, прадстаўнікамі пераважна заходняй эліты. Ён не так моцна вылучаўся па расійскім вектары. Я ведаю, у яго былі актыўныя сустрэчы з кіраўнікамі і адказнымі чыноўнікамі Ірана, краінаў Паўднёва-Усходняй Азіі, Кітая. Але пераважна гэта Захад — Заходняя Еўропа і ЗША".

Леанід Заіка мяркуе, што апошнія змены ва ўладзе могуць быць пэўным сігналам Захаду, дзе Уладзіміра Макея лічаць “сучасным чалавекам еўрапейскага стандарту”. Мартынаў жа, на думку эксперта, быў дыпламатам, які “проста агучваў пазіцыю, якую да яго даводзілі прэзідэнт і той жа Макей”.

А вось палітолаг Юрый Шаўцоў наадварот, захапляецца дыпламатычнымі якасцямі Сяргея Мартынава. І працягвае размову разважаннем, ці можна змену пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта на пасаду міністра лічыць паніжэннем для Макея.

Юрый Шаўцоў: “Перамяшчэнне Макея на пасаду кіраўніка МЗС, мне падаецца, для яго як чыноўніка і палітыка не з’яўляецца паразай. Ён атрымаў больш самастойную ўстанову з вялікімі рэсурсамі. І ўпершыню ён атрымаў магчымасць займацца буйнымі эканамічнымі праектамі, якімі павінен займацца МЗС”.

Увогуле, гэта звычайная ракіроўка, якая наўрад ці пацягне за сабой змены ў знешняй палітыцы, лічыць эксперт. Толькі цікава, як на гэтую ракіроўку адрэагуе, напрыклад, Еўрасаюз, які ў 2011 годзе забараніў Уладзіміру Макею ўязджаць на сваю тэрыторыю.

Фота: profi-forex.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі