Эксперт: Газ для Беларусі будзе каштаваць 200-250 долараў

Аднак да канца года ён можа патаннець удвая. А пакуль мы спажываем расійскі газ бясплатна і плаціць будзем постфактум.
Беларусь яшчэ не ведае, колькі ёй давядзецца аддаць за расійскі газ, скарыстаны ад 1 студзеня. Краіны ўсё яшчэ не дамовіліся пра цану, аднак газ мы ўжо спажываем. Гаворыць прэс-сакратарка “Газпраму” Таццяна Галубовіч:

“Пакуль не, не дасягнулі яшчэ нічога. У іх жа не было абмежавана 31-м снежня, таму час ёсць”.

Паводле слоў амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Валянціна Вялічкі, новая цана будзе вызначаная на сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Дзмітрыя Мядзведзева ў лютым у Маскве. Расплачвацца будзем постфактум, расказала Еўрарадыё Таццяна Галубовіч:

“Ну, цана будзе скарэктаваная. І потым ужо, калі аплата постфактум ідзе, яна разлічваецца па цане, на якую яны там вызначацца”.

Хаця хвалявацца, што цана будзе нечакана высокай, не варта. Наўрад ці пазыка будзе вялікай. Як расказала Еўрарадыё аналітык расійскай інвестыцыйнай кампаніі “Брокеркрэдытсервіс” Кацярына Краўчанка, для Беларусі цана на газ заўсёды была ніжэйшай за ўкраінскую. Згодна са словамі спадарыні Краўчанкі, хоць у нашых краінаў ёсць некаторыя непаразуменні, аднак такіх войнаў, як з Украінай, няма. Да таго ж Расія залежыць ад транзіту праз Беларусь. Таму сёлета, як звычайна, варта спадзявацца на зніжкі.

Кацярына Краўчанка: “Улічваючы тое, што для Беларусі, у прынцыпе, існуе дысконт, то бок цэны для Беларусі заўсёды былі ніжэйшымі, чым для Украіны па шэрагу прычынаў – у тым ліку залежнасць ад транзіту; і ўлічваючы, што ў нас няма такога напалу страсцей і штогадовых войнаў, хаця ёсць іншыя канфлікты, але мне здаецца, можна казаць пра цану 220-250 долараў. Аднак тое, што яна да канца года будзе нашмат ніжэйшай – ледзь не ў два разы – гэта факт”.

Больш за тое, у канцы года цана можа быць нават ніжэйшай, чым была летась. Рэч у тым, што сённяшняя цана на газ прывязаная да цаны на нафту, якая была 6-9 месяцаў таму. Такім чынам, кошт на газ у пачатку года будзе вызначаны з разліку піку цаны на нафту – 147 долараў за барэль (такой яна была паўгода таму). А вось у канцы года цана на газ будзе прывязаная да сённяшняй нафтавай цаны – а гэта пакуль абсалютны мінімум – 40 долараў. Формулу разліку на прыкладзе Украіны тлумачыць Кацярына Краўчанка:

“Цэны на газ залежаць ад нафтавых цэнаў. То бок, калі растуць цэны на нафту, адпаведна цэны на газ растуць. Але існуе спазненне, якое цягнецца прыкладна ад 6 да 9 месяцаў. Адпаведна, калі мы бачым, што цяпер нафтавыя цэны знаходзяцца на мінімуме ў параўнанні з максімумам летнім, калі цэны на нафту былі 147, значыць, гэтыя 360 долараў – гэта якраз у іх адлюстроўваецца максімальная цана нафты. З той прычыны, што цана нафты зараз знаходзіцца ў раёне 40 долараў за барэль, на другую палову года можна прыкладна казаць пра ўзровень 200–250 долараў, а можа быць і менш.”

Такім чынам, як і ў выпадку з Украінай, Беларусь будзе плаціць за газ не толькі з разліку эканамічнай формулы, аднак і згодна з палітычным рашэннем двух бакоў. Толькі, у адрозненне ад Украіны, у нас у гэтым выпадку больш выйгрышнае становішча. Таму можна спадзявацца на цану, меншую прынамсі за 360 долараў за тысячу кубаметраў газу.




Фота bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі