Вы тут

Экс-спецназавец, які выкрыў "эскадрон смерці", кажа, што на яго пачалі справу

Юрый Гараўскі / dw.com

Былы баец САХР (спецыяльнага атрада хуткага рэагавання) Юрый Гараўскі заяўляе, што ў Беларусі на яго пачалі крымінальную справу, а на яго сваякоў цісне КДБ. Гэта адбылося пасля таго, як экс-спецназавец расказаў пра "экскадрон смерці", які знішчаў палітычных апанентаў Лукашэнкі, паведамляе радыё, прызнанае ў Беларусі экстрэмісцкім.

Па словах Гараўскага, пасля публікацыі яго сваякоў некалькі разоў выклікалі ў КДБ. У Беларусі ў яго засталіся маці, брат, былая жонка і дачка. Потым іх пакінулі ў спакоі, але ў снежні 2021-га ціск аднавіўся. На працу да яго брата прыехалі супрацоўнікі АМАПа і адвезлі ў Генпракуратуру, дзе яго апытвалі каля пяці гадзін. 

Па словах Гараўскага, брата апытвалі каля пяці чалавек — усе палкоўнікі і падпалкоўнікі КДБ. Яны цікавілія, асобай Гараўскага і кантактамі з ім.

6 студзеня 2022 года, па словах экс-спецназаўца, ён даведаўся, што на яго пачалі крымінальную справу. Па якім артыкуле, ён не ведае. 

Таксама Гараўскі паведаміў, што пасля візіту ў Генпракуратуру ўсе яго сваякі сталі невыязнымі з Беларусі. 

Ціск на сваякоў ён расцэньвае як спосаб спецслужбаў уздзейнічаць на яго самога: "Мне здаецца, гэта маральны ціск (на сваякоў). Выбіць з-пад ног устойлівасць, каб былі падставы брата пасадзіць і сказаць мне: "Ён сядзіць з-за цябе".

Аднак вяртацца ў Беларусь Гараўскі не збіраецца. Ён плануе напісаць заяву ў Генпракуратуру Беларусі і прызнацца ў саўдзеле ў злачынствах, "каб пачаліся нармальныя вышуковыя мерапрыемствы". У заяве ён плануе напісаць, што заказчыкам палітычных забойстваў быў Лукашэнка. "Рыхтуем з юрыстамі неабходныя дакументы. Накірую іх праз давераную асобу. Чаму раней не напісаў гэтую заяву? Не было нагоды. А цяпер, калі пачалі тузаць сваякоў... Гэта пераходзіць усе межы", — заяўляе ён.

Гараўскі пакінуў Беларусь у 2019 годзе. Тады ж ён расказаў замежным журналістам, што ў 1990-х удзельнічаў у фізічнай ліквідацыі палітычных апанентаў улады — былога старшыні ЦВК Віктара Ганчара, экс-міністра ўнутраных спраў Юрыя Захаранкі, бізнесоўца Анатоля Красоўскага. Па яго словах, усіх трох застрэліў асабіста заснавальнік САХР падпалкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.