Экс-палітвязня Лобава расшукваюць за невядомае эканамічнае злачынства

Экс-палітвязня Лобава расшукваюць за невядомае эканамічнае злачынства

Супрацоўнікі аддзелу па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі прыходзілі на кватэру да бацькоў Эдуарда Лобава. Як паведаміла Радыё Свабода маці былога палітвязня, Марына Лобава, гэта адбылося раніцай 5 лістапада. Двое праваахоўнікаў пыталіся ў жанчыны, дзе яе сын і калі яна бачыла яго ў апошні раз. Аднак Марына Лобава адмовілася даваць паказанні. Міліцыянты таксама адмовіліся казаць, з якой нагоды яны шукаюць яе сына.

Раней, 4 лістапада да Лобавых прыходзілі супрацоўнікі крымінальнага вышуку і цікавіліся палітычным актывістам, нібыта звязаным са злачынствам па артыкуле 206 (абрабаванне). Таксама родным былога палітвязня тэлефанавалі са следчага аддзела.

Былы палітвязень і сустаршыня “Маладога Фронту” Эдуард Лобаў напрыканцы ліпеня таемна пераехаў ва Украіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаюцца з расійскімі сепаратыстамі.

Эдуард Лобаў уваходзіць у склад добраахвотніцкага батальёна “Правага сектара”, які размешчаны пад Марыупалем. Сваю будучыню актывіст звязвае з Беларуссю.

У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўлення волі паводле артыкула “Хуліганства” разам з лідарам “Маладога фронту” Змітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 снежня 2014 года.

Фота: "Наша Ніва"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі