Экс-міліцыянта ў Брэсце судзяць за збіццё двух затрыманых

Экс-міліцыянта ў Брэсце судзяць за збіццё двух затрыманых

У судзе Маскоўскага раёна Брэста 3 траўня пачаўся разгляд крымінальнай справы былога старшага сяржанта міліцыі Алега Самарчука. Яго вінавацяць у перавышэнні ўлады і службовых паўнамоцтваў, спалучаным з гвалтам і ўжываннем спецсродкаў. Па версіі следства, якую перадае tut.by, абвінавачаны "ў групе з невысветленымі асобамі" збіў двух жыхароў Брэста, якіх даставілі ў апорны пункт міліцыі за знаходжанне ў грамадскім месцы ў нецвярозым стане.

26-гадовы Алег Самарчук жанаты, мае на ўтрыманні малалетнюю дачку. З 1 студзеня па 20 верасня 2017 года ён служыў міліцыянтам роты патрульна-паставой службы Маскоўскага РАУС у званні старшага сяржанта. Здарэнне, якое давяло экс-міліцыянта да лавы падсудных, адбылося 6 траўня мінулага года.

У той дзень два жыхары Брэста Аляксандр Зэхаў і Сяргей Каляда адпачывалі ў кавярні ў мікрараёне "Усход". Па словах прадавачкі, маладыя людзі прыйшлі нападпітку. У кавярні яны паводзілі сябе ціха. А калі сабраліся сыходзіць, дык папрасілі выклікаць таксоўку. Пакуль чакалі на лаўцы каля кавярні аўто, да іх падыйшлі супрацоўнікі міліцыі.

Міліцыянты забралі хлопцаў у апорны пункт №3 на Партызанскім праспекце. Для падпісання пратаколу на затрыманых запрасілі аднаго з затрыманых з іншай кампаніі — яго з таварышамі ўзялі за распіццё алкагольных напояў у грамадскім месцы. Пакуль ён падпісваў пратакол, пачуў, што ў калідоры нейкі шум і крыкі. Як збівалі затрыманых, сведка не бачыў, але чуў крыкі і гукі удараў.

"Па гуках, якія даносіліся з калідора, білі дубінкамі, і не адзін чалавек. Таму што адзін чалавек за пару секундаў чатыры ўдары зрабіць не можа. А тут удар за ударам сыпаліся", - распавёў у судзе Аляксандр.

Выйшаўшы на калідор, ён пабачыў, што Сяргей Каляда сядзеў у куце, закрыўшы галаву рукамі, а Аляксандр Зэхаў ляжаў на парозе ў дзвярах. На думку сведкі, Зэхаў быў без прытомнасці, але слядоў збіцця на пацярпелых ён не заўважыў.

Выявілася, што збілі Каляду і Зэхава за тое, што Каляда ў апорным пункце ўзяў у рукі і распыліў газавы балончык, пакінуты міліцыянтамі на стале. У судзе малады чалавек патлумачыў, што падумаў, быццам там дэзадарант.

У дакументах Следчага камітэта гаворыцца: "[Абвінавачаны] нанёс адзін удар рукой у вобласць галавы Зэхаву. Працягваючы свае супрацьпраўныя дзеянні [абвінавачваны] падышоў да Каляды і з мэтай прычынення цялесных пашкоджанняў, знявагі чалавечай годнасці, перавышаючы прадстаўленую ўладу, дзейнічаючы ў групе з невысветленымі падчас папярэдняга следства асобамі, крымінальная справа ў дачыненні да якіх вылучаная ў асобную вытворчасць, нагамі, рукамі і адмысловым сродкам — палкай гумавай, якая выкарыстоўвалася ў якасці прылады злачынства, нанеслі не менш за 30 удараў па розных частках цела Каляды, які не ўчыняў супрацьпраўных дзеянняў і не збіраўся аказваць процідзеянне".

Таксама ў дакуменце гаворыцца, што Самарчук "у групе з невысветленымі асобамі" нанёс нагамі, рукамі і дубінкай не менш за 10 удараў па розных частках цела Аляксандру Зэхаву.

На судзе пацярпелыя не змаглі сказаць, колькі дакладна чалавек іх білі. Па словах Сяргея Каляды, ён бачыў, як яго білі "чалавек пяць", а Зэхава — тры. Ад збіцця ў Зэхава моцна апух левы бок твару, зацякло вока. Тады Самарчук, як заяўляе следства, вывеў Зэхава н вуліцу і нажом надрэзаў гематому каля левага вока. 

Пасля міліцыі брастаўчане паехалі ў кватэру да Сяргея, каб "адляжацца". Да дактароў адразу не звярнуліся, бо асцерагаліся, што медыкі папярэдзяць праваахоўнікаў. 7 траўня Зэхава забралі з салона тралейбуса лекары хуткай. Хто выклікаў медыкаў, невядома. Яго павезлі ў лякарню, але ён адтуль уцёк і пайшоў на лецішча ў Брэсцкім раёне, дзе яго знайшоў сваяк. Абодвух пацярпелых шпіталізавалі праз некалькі дзён пасля здарэння, калі іх стан пачаў пагаршацца.

Лекары дыягнаставалі ў Каляды політраўму, закрытую траўму грудной клеткі, пераломы двух рэбраў справа, закрыты пералом пальца, множныя ўдары грудной клеткі, левага перадплечча, сінякі абедзвюх ніжніх канечнасцяў. Яго змясцілі ў траўматалагічнае аддзяленне.

Зэхава з траўмай галавы шпіталізавалі ў рэанімацыйнае аддзяленне. У яго дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, страсенне галаўнога мозгу (востры перыяд), ранку верхняга павека левага вока, параарбітальную гематому.

Экс-супрацоўніку міліцыі пагражае ад трох да дзесяці гадоў пазбаўлення волі. На першым пасяджэнні Самарчук сябе вінаватым не прызнаў. Суд над ім працягнецца 7 траўня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі