Экс-кіраўнік ПВТ ідзе ў прэзідэнты: "Гэтая рэвалюцыя прайшла міма Беларусі"

Экс-кіраўнік ПВТ ідзе ў прэзідэнты: "Гэтая рэвалюцыя прайшла міма Беларусі"

Экс-кіраўнік беларускага Парку высокіх тэхналогій Валерый Цапкала аб'явіў, што паўдзельнічае ў прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2020 года. На сваёй старонцы ў Facebook ён тлумачыць сваё рашэнне.

"У свеце адбылася рэвалюцыя, — піша Валерый Цапкала. — Але ў адрозненне ад рэвалюцый мінулага звернута яна была не да класаў, а да чалавека... Замест прымітыўнай "вертыкалі кіравання", прыйшлі новыя метады арганізацыі дзяржавы і грамадства, заснаваныя на партнёрстве, супрацоўніцтве і гарызантальным узаемадзеянні... Гэтая рэвалюцыя прайшла міма Беларусі".

Цапкала лічыць, што наша краіна больш за чвэрць стагоддзя "рухалася ў супрацьлеглым накірунку". "У краіне зацвярджаліся сямейныя, неафеадальныя адносіны з магчымасцю праявы розных формаў капрызнасці, бесцырымоннасці і грубасці ў адносінах да тых, хто стаіць ніжэй у сацыяльнай лесвіцы", — піша ён у сваім вялікім тэксце.

Валерый Цапкала падкрэслівае, што з Беларусі паслядоўна выціскалі энергічных асоб ці ізалявалі іх. "Прадпрымальнік быў крыміналізаваны, а грамадзянін "стэрылізаваны", — працягвае новы палітык. — У выніку сфармавалася грамадства, пазбаўленае іскраў творчасці, смеласці, адвагі". У выніку беларуская эканоміка страціла канкурэнтаздольнасць, а грамадства — здольнасць да развіцця.

Цапкала нагадвае пра ўсе балючыя беларускія кропкі. Адзначае, што "беларусы зарабляюць менш, чым самая бедная кітайская правінцыя". Што моладзь "не хоча нараджаць і не хоча тут жыць".

Валерый Цапкала мяркуе, што на сённяшні дзень Беларусь апынулася перад гістарычным выбарам і мае шанец "рухацца наперад, у будучыню". І ён хоча дапамагчы сваёй Бацькаўшчыне. Падкрэслівае, што мае для гэтага патрэбны досвед.
 
Валерый Цапкала — ураджэнец Гродна, яму 55 гадоў. Скончыў Маскоўскі дзяржаўны інстытут міжнародных адносін. З пачатку 1990-х — на дыпламатычнай працы, быў першым намеснікам міністра замежных спраў. Ён быў беларускім паслом у ЗША і Мексіцы (у 1997-2002 гадах). Восенню 2005-га Цапкалу прызначылі дырэктарам Парку высокіх тэхналогій, які пры ім быў створаны. Гэтую пасаду ён займаў да вясны 2017 года (Валерыя Цапкалу замяніў Усевалад Янчэўскі). Аўтар некалькіх кніг (у тым ліку "Парк высокіх тэхналогій: 10 гадоў развіцця") і дзясяткаў публікацый.

Прэзідэнцкія выбары ў Беларусі прызначаны на 9 жніўня 2020 года.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі