Эколаг: Найважней — не ўтылізаваць адходы, а не дапускаць іх утварэння

120116 Labanau_site.mp3

Актывісты 46 краінаў свету далі пачатак серыі масавых “суботнікаў” па ўсім свеце. Па разліках арганізатараў канферэнцыі эколагаў, якая адбылася на выходных у Таліне, прыборка ў розных краінах свету пачнецца 24 сакавіка. Актывісты з 80 краінаў свету ўжо гатовыя ўдзельнічаць у антысмеццевых мерапрыемствах.

Еўрарадыё: Якія праблемы існуюць у Беларусі са смеццем?

Лабанаў: Для Беларусі, як і для кожнай іншай краіны, праблема адходаў – вельмі паказальная праблема. Узровень забруджанасці паказвае ступень свядомасці людзей ды тое, наколькі справа аховы асяроддзя з’яўляецца важнаю для дзяржавы. Паводле адносінаў да адходаў можна меркаваць пра ўзровень экалагічнай культуры. Калі казаць пра Беларусь – яна паступова змяняецца. Ёсць змены да лепшага. Але, з іншага боку, калі параўноўваць з СССР – некаторыя рэчы пагоршыліся.

Многія, мабыць, памятаюць, што раней амаль не было аднаразовых пакункаў. Бутэлькі часта выкарыстоўваліся 5-10 разоў і колькасць адходаў з-за гэтага значна скарачалася. Не было аднаразовых пластыкавых пакетаў, а цяпер большасць адходаў - гэта пластыкавыя ўпакоўкі.

З іншага боку, летась пачалася кампанія збіраць выкарыстаныя батарэйкі. Гэта вельмі важна, бо такое смецце збіраецца амаль у кожнага. А змесціва батарэйкі – цяжкія металы – вельмі шкоднае для навакольнага асяроддзя. Мы спадзяемся, што з цягам часу колькасць шкодных рэчываў, што трапляюць у навакольнае асяроддзе, паменшае. Але пакуль праект гэты вельмі кволы. Аднак найважнейшае, гэта не утылізацыя адходаў, а недапушчэнне іх утварэння.

Еўрарадыё: У Эстоніі сабраліся прадстаўнікі 46-і краін, якія будуць масава праводзіць “суботнікі” ў сваіх краінах. Што ў нас адбываецца адносна гэтага?

Лабанаў: У гэтым сэнсе тэндэнцыя нашых суботнікаў не надта змянілася ў параўнанні з тым, што было 10-20 год таму. Гэта звязана часцей за ўсё з упарадкаваннем пэўнай тэрыторыі. Калі казаць пра школьныя суботнікі, тады гэта школьная тэрыторыя, або нейкая тэрыторыя побач, якая ачышчаецца ад нейкага звычайнага смецця.

Еўрарадыё: А хто расчышчае лес ад смецця?

Лабанаў: Калі казаць пра лес у глабальным значэнні, яго ніхто не чысціць, бо мяркуюць, што смецце не павінна туды трапляць у вялікіх колькасцях. Калі казаць пра рэкрэацыйныя зоны, то гэтым займаецца або мясцовы лясгас, або часам яны прыцягваюць на дапамогу мясцовых школьнікаў. А такіх масавых акцый, як у Эстоніі, у нас пакуль няма.

Еўрарадыё: У 2010 годзе ў Латвіі ўзнікла вельмі цікавая ініцыятыва – прыбраць усе прыгарадныя лясы. У нас такіх прыватных ініцыятываў, мабыць, няма?..

Лабанаў: Пэўныя лакальныя ініцыятывы ў нас ёсць. У Гродна падобная ініцыятыва ўзнікала, але ўвага там бярэцца перад усім на гарадскую тэрыторыю,  а не на лясы. У Віцебску была такая ініцыятыва. Людзі збіраліся праз “Кантакт”. У Мінску таксама адбываюцца такія мерапрыемствы, але такіх масавых няма.

Еўрарадыё: У нас наадварот масава вывозяць смецце ў лясы. Калі мы ў дзяцінстве хадзілі ў грыбы, у памяці засталіся вялікія ямы са смеццем…

Лабанаў: Гэта вельмі сумна. Перад усім гэта датычыць садаводчых таварыстваў і дачнікаў, бо звычайна людзі не вязуць смецця з горада ў лес. Вельмі сумна, калі мы самі забруджваем сваё навакольнае асяроддзе. Таму смецце і з’яўляецца індыкатарам адносінаў нас саміх да прыроды.

Еўрарадыё: Каб нам не было сорамна, трэба гэтае смецце прыбіраць…

Лабанаў: Ёсць шмат спосабаў вырашаць гэтую праблему. Трэба прыбірацца, але гэта праблема перадусім культуры. Калі п’еш нешта з бутэлькі, ты яе не кідаеш пад ногі не таму, што гэта забруджвае асяроддзе, а таму, што людзі проста так сябе не паводзяць, не павінны паводзіць. Зноў жа, з іншага боку, грамадству трэба зразумець, што важна не столькі утылізаваць смецце, колькі не дапускаць яго збірання. Дынаміка спажывецтва вельмі вялікая і калі ў нас перадусім прадукуюцца рэчы аднаразовага ўжытку: упакоўкі, батарэйкі, дыскі – утылізацыя іх ўсё адно накладае вялікі цяжар на навакольнае асяроддзе.

Ад нас таксама шмат залежыць. Мы можам хадзіць у краму з раднянаю торбаю – выкарыстоваць яе шмат разоў, а не купляць пластыкавыя пакеты. Ад нас залежыць вельмі шмат: людзі робяць выбар сваімі кашалькамі. Мы, грамадзяне, павінны таксама і мець пэўныя патрабаванні да аховы навакольнага асяроддзя, удзельнічаць у палітыцы дзяржавы ў дачыненні да яе.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі