Вы тут

Дзяўчыну, якая расказала пра катаванні на Акрэсціна, асудзілі на "хатнюю хімію"

Аляксандра Патрасаева / svaboda.org

Тры гады "хатняй хіміі" прысудзілі палітзняволенай Аляксандры Патрасаевай, перадае Радыё "Свабода". Дзяўчыну прызналі вінаватай ва ўдзеле ў масавых беспарадках (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).

Патрасаеву вызвалілі ў залі суда. Канфіскаваны ў яе бел-чырвона-белы сцяг суд пастанавіў зьнішчыць.

20-гадовую дзяўчыну затрымалі 16 кастрычніка 2020 года, з таго часу яна была за кратамі.

Дзяўчыну судзілі за падзеі 10 жніўня ў Мінску. Як сцвярджаў бок абвінавачання, Патрасаева 10 жніўня і ў наступныя дні "прымала актыўны ўдзел у масавых беспарадках, а таксама ў загадзя спланаваных групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак". Таксама сцвярджалася, быццам дзяўчына заклікала людзей да супраціву і аказвала непадпарадкаванне прадстаўнікам улады.

На судзе Аляксандра Патрасаева распавяла, як у тэлеграм-каналах прачытала, што людзям патрабуецца дапамога медыкаў, і паехала пасля працы, каб яе аказаць. На скрыжаванні вуліц Бяды, Багдановіча, Сурганава (раён гандлёвага цэнтра "Рыга") яна не бачыла міліцыянтаў і ніякіх патрабаванняў не чула. Бачыла, як людзі ставяць барыкады, але не было падпалаў, пагромаў ці кідання прадметаў.

Аляксандра распавяла, што аказвала людзям меддапамогу: апрацоўвала раны, давала абязбольвальныя. Адыходзіла ненадоўга, каб выкінуць мех са смеццем. Наконт металічнай палкі ў руках, пра якую заявіла абвінавачанне, дзяўчына сказала, што падняла яе з зямлі, каб выкінуць, і ніякіх фізічных дзеянняў з ёй не рабіла.

Першы раз Аляксандру схапілі ў ноч на 11 жніўня, і тры дні яна была ў ізалятары на Акрэсціна. Пасля выхаду адтуль дзяўчына распавяла пра перажытыя катаванні: біццё, знявагі, абразы, пагрозы згвалтаваць. Яе прымушалі распранацца, станавіцца на расцяжку і пры гэтым увесь час білі, прычым рабіла гэта жанчына. Калі Патрасаеву адпусцілі, у яе былі моцна траўмаваныя звязкі, лекары наклалі гіпс.

Следчы камітэт адмовіўся прыняць заяву Аляксандры Патрасаевай пра катаванні на Акрэсціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.