Дзяржсакратар папы Рымскага маліўся з вернікамі ў Пінску

Увечары 20 чэрвеня дзяржаўны сакратар папы Рымскага Бенедыкта XVI кардынал Тарчызіё Бэртонэ ў рамках візіту ў Беларусь наведаў Пінск, дзе ў кафедральным касцёле памаліўся з вернікамі і наведаў міждыяцэзіяльную вышэйшую духоўную семінарыю.

У кафедральным саборы кардынала прывітаў апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі ксёндз-кардынал Казімір Свёнтэк. "Ваш візіт у Пінск з'яўляецца для нас вялікім гонарам і адначасова вельмі важнай гістарычнай падзеяй не толькі для Пінскай дыяцэзіі, але і для ўсяго касцёла на Беларусі", — адзначыў 93-гадовы К.Свёнтэк. Ён пажадаў Т.Бэртонэ перажыць на палескай зямлі моманты духоўнага пад'ёму. Дзяржсакратар Папы Рымскага, звяртаючыся да духавенства, семінарыстаў, манашак і вернікаў падзякаваў Госпада за падораную радасць сустрэчы дзеля сумеснай малітвы. У сваёй прамове Т.Бэртонэ адзначыў, што увечары ў Пінскай дыяцэзіі ён перажыў моманты засяроджанай малітвы. Ён павітаў усіх прысутных ад імя папы Рымскага, які "памятае і моліцца за вас, давяраючы вас усіх і кожнага паасобку матчынаму заступніцтву Найсвяцейшай Багародзіцы".

У сумеснай малітве ў Пінскам кафедральным саборы ўдзельнічала больш за тысячу чалавек, усім прысутным пры выхадзе з касцёлу падарылі паштоўкі з выявай папы Бенэдыкта XVI. Візіт дзяржсакратара ў Беларусь завершыцца 22 чэрвеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі