Дзяржсакратар ААН заклікаў спыніць ваенныя дзеянні ў Нагорным Карабаху

Дзяржсакратар ААН заклікаў спыніць ваенныя дзеянні ў Нагорным Карабаху

Генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў Пан Гі Мун заклікаў неадкладна спыніць узброеныя дзеянні ў зоне нагорна-карабахскага канфлікту і ў поўнай меры выконваць пагадненне аб спыненні агню, паведамляюць інфармагенцтвы.

Генсек ААН сур’ёзна занепакоены паведамленнямі пра маштабныя парушэнні перамір’я і прымяненне цяжкіх узбраенняў, а таксама вялікай колькасцю загінулых і пацярпелых, у тым ліку сярод мірнага насельніцтва. Пан Гі Мун цалкам падтрымлівае намаганні Мінскай групы АБСЕ, а таксама ўсіх бакоў, уцягнутых у працу па ўрэгуляванні сітуацыі.

Узброены канфлікт паміж Арменіяй і Азербайджанам у Нагорным Карабаху — даўняй спрэчнай тэрыторыі — пачаўся ў ноч на суботу, 2 красавіка. Паводле азербайджанскіх уладаў, іх ваенных абстралялі з артылерыі, мінамётаў і гранатамётаў. Армяне ў сваю чаргу заяўляюць, што першымі артылерыю выкарыстаў Азербайджан, пасля чаго ў атаку пайшлі танкі і верталёты

На сёння Арменія заявіла пра гібель 18 сваіх вайскоўцаў, Азербайджан — пра 12. Падчас абстрэлаў пацярпела і мірнае насельніцтва.

У нядзелю раніцай баі ў Нагорным Карабаху, непрызнанай рэспубліцы, працягваліся, аднак наступленне азербайджанскай арміі было спыненае.

Нагорны Карабах — невялікая тэрыторыя ў Закаўказзі. У 1923 годзе там была ўтвораная Нагорна-Карабахская аўтаномная вобласць у складзе Азербайджанскай ССР. Пасля распаду Савецкага Саюза там адбыўся рэферэндум і 99,89% удзельнікаў галасавання выказаліся за незалежнасць ад Азербайджана. Баку не прызнаў гэты рэферэндум, з-за чаго пачалася вайна, якая цягнулася да 1994 года. Армяне выбілі з Нагорнага Карабаха азербайджанскую армію цаной вялікіх ахвяраў і разбурэнняў.

Цяперашняму абвастрэнню канфлікту папярэднічалі перастрэлкі, якія адбываліся цягам апошніх дзён. Большасць сусветных лідараў пазбягаюць ускладваць адказнасць на той ці іншы бок канфлікту і заклікае правесці перамовы.

Болей за 20 гадоў кіраўнікі Азербайджана і Арменіі практычна не дачыняліся і толькі час ад часу абменьваліся рэплікамі наконт Нагорнага Карабаха.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі