Дзярждэпартамент ЗША: У Беларусі "значныя праблемы ў сферы правоў чалавека"
![Дзярждэпартамент ЗША: У Беларусі "значныя праблемы ў сферы правоў чалавека"](/sites/default/files/styles/gallery_main/public/2023-08/zszareuters600.jpg.webp?itok=sgFoOaNR)
У Беларусі захоўваюцца "значныя праблемы ў сферы правоў чалавека". Пра гэта гаворыцца ў штогадовым дакладзе Дзярждэпартамента ЗША аб сітуацыі з правамі чалавека ў свеце, які апублікаваны 14 красавіка. У "беларускім раздзеле" адзначаецца, што беларусы па-ранейшаму не маюць магчымасці змяняць урад шляхам выбараў. Што ў сістэме, пазбаўленай стрымлівання і проціваг, улады здзяйсняюць злоўжыванні, а былыя палітвязні дагэтуль не адноўленыя ў грамадзянскіх і палітычных правах. Акрамя таго, улады так і не далі ніякіх тлумачэнняў па фактах "палітычна матываваных знікненняў" , якія адбываліся ў Беларусі ў 1999-2000 гадах, інфармуе БелаПАН.
У дакладзе гаворыцца, што "Беларусь — гэта аўтарытарная дзяржава", што "ўлада сканцэнтраваная ў прэзідэнта дэ-факта і дэ-юрэ". Адзначаецца, што пасля 1994 года ўсе выбарчыя кампаніі не адпавядалі міжнародным стандартам. У дакладзе Дзярждэпартамента ЗША называюцца злоўжыванні з боку сілавых структур, у тым ліку адвольныя затрыманні грамадзян за крытыку ўлады, удзел у дэманстрацыях.
Улады ў Беларусі працягваюць абмяжоўваць грамадзянскія правы і свабоды, працягваюць адмаўляць у рэгістрацыі недзяржаўным арганізацыям, палітычным партыям, праваабарончым арганізацыям (а пасля пагражаюць ім пераследам за дзейнасць без рэгістрацыі).
![Дзярждэпартамент ЗША: У Беларусі "значныя праблемы ў сферы правоў чалавека"](/sites/default/files/paragraphs/image/000022233373big.jpg)