Вы тут

Дзяржаўная пазыка Беларусі вырасла на 14,4%

Фота з адкрытых крыніцаў

Дзяржаўная пазыка Беларусі на 1 снежня склала 42,3 мільярда рублёў і павялічылася ў параўнанні з пачаткам года на 5,3 мільярда рублёў або на 14,4%, паведамляе TUT.by са спасылкай на Міністэрства фінансаў.

Знешняя дзяржаўная пазыка па стане на 1 снежня склала 16,6 мільярда долараў і вырасла на 2,9 мільярда долараў з улікам курсавых розніцаў, або на 21,3%.

Беларусь прыцягнула замежныя займы на суму 3,769 мільярда долараў. На пагашэнне знешняй дзяржаўнай пазыкі пайшло 915,2 мільёна долараў.

Унутраная дзяржпазыка наадварот зменшылася і склала па стане на 1 снежня 9,1 мільярда рублёў.

Налета ўрад плануе патраціць на абслугоўванне дзяржпазыкі 2,5 мільярда рублёў, што на 25,2% вышэй за ацэнку 2017 года. Плацяжы па абслугоўванні знешняй дзяржпазыкі павялічацца ў параўнанні з 2017 годам на 238,9 мільёна долараў.

Што да пагашэння дзяржпазыкі, то краіна плануе патраціць 5,489 мільярда рублёў. Большая частка ад гэтай сумы (4,346 мільярда) пойдзе на пагашэнне знешняй пазыкі.