Дзяніс Шунто: Тое, што мы просім у людзей, астатнія клубы маюць па змоўчанні

Фота: krumka.by
Фота: krumka.by

Футбольны клуб "Крумкачы" пачаў кампанію па зборы грошай. Камандзе неабходныя амаль 125 тысяч рублёў на арэнду стадыёна, працу трэнераў і футбалістаў, на дзіцячыя каманды, а таксама прысутнасць ратавальнікаў і "хуткай" на матчах. Краўдфандынгавая кампанія праходзіць на платформе "Талака". З гэтай нагоды кіраўнік клуба Дзяніс Шунто правёў у Мінску прэс-канферэнцыю, на якой расказаў пра ўсе праблемы клуба.

 

Пра доўг БАТЭ і суд з былым трэнерам Уладзімірам Пятэнка

Мы выбіліся з графіка і не можам яго выконваць прама цяпер. У ліпені і жніўні мы не змаглі выплаціць неабходную суму БАТЭ. Барысаўчане могуць накладваць арышт на маёмасць клуба. Але маёмасці як такой, якая можа зацікавіць БАТЭ, няма. Вялікага сэнсу ў гэтым я не бачу, ва ўсякім выпадку. Я думаю, БАТЭ гэта выдатна разумее. Ім выгадней, каб мы жылі і існавалі, паволі гасілі доўг.

Што тычыцца Пятэнка, то ён падаў у грамадзянскі суд. У тым ліку і гэтая праблема. На мінулым тыдні было пасяджэнне. Наш дырэктар хварэе, мы не змаглі прысутнічаць. Калі дырэктар зможа быць гатовы, мы будзем вырашаць гэтае пытанне. Іх жа таксама ў Мінску няма. Дыялогу не атрымліваецца. Дакладней, ён немагчымы (фізічна).

 

Пра запазычанаць футбалістам, па заробках у клубе і вяртанне Іванова

У кожнага футбаліста ёсць свой тэрмін запазычанасці. Пакуль гэта досыць вялікія тэрміны. Футбалісты ішлі нам насустрач, разумеючы сітуацыю. Сітуацыя непрыемная, але не крытычная. Усе хлопцы ведаюць, у якой сітуацыі клуб, ведаюць, што будзе ў бліжэйшыя 4 месяцы, і гатовыя да гэтага. Я задаволены тым, які склад мы сабралі за гэтыя 2 месяцы. Мы не бралі людзей з вуліцы, а бралі футбалістаў, за якімі назіралі і якія апынуліся вольныя цяпер. Самая вялікая зарплата сярод футбалістаў ― 2000 рублёў. Але я б не хацеў канкрэтна называць імёны.

Філ Іваноў вярнуўся без умоваў. Проста жаданне працягваць супрацоўніцтва ў Філа і клуба было настолькі вялікае, што нічога не мела значэння: ні мінулае, ні будучае. Філ выдатна разумее, у якой сітуацыі клуб, таму я не баюся дэмаршаў ад яго.

Супрацоўнікі клуба заробак атрымліваюць, але мала і рэдка. Такая сітуацыя.

Асабіста ў мяне даход ёсць. Але ў мяне ёсць і шмат маіх даўжнікоў. Мне павінны больш, чым я, напэўна. Грошы, калі былі, раздаваў налева і направа. Асабіста на сябе ў месяц выдаткоўваю долараў 500.

 

Пра збор грошай для клуба і пра тое, што будзе, калі нічога не атрымаецца

125 тысяч рублёў трэба сабраць за 2 месяцы. Сума патрэбная да 1 лістапада. Мы хочам, каб нам дапамаглі закрыць бягучыя выдаткі, каб грошы, якія з'яўляюцца ад партнёраў і заснавальнікаў, дапамаглі разабрацца з абавязкамі. Сітуацыя форс-мажорная. Здарыўся ланцужок няўдалых падзей і рашэнняў. Калі нам будзе аказаная гэтая дапамога, мы наладзім баланс, устаканім даўгі, давядзем іх да працоўнага выгляду, і спакойна скончым чэмпіянат. У мяне бліжэй да канца года самога грошы будуць, ёсць крыніца даходаў. У іншых кампаньёнаў узніклі абставіны, яны не могуць дапамагаць. Але да лістапада будуць іншыя магчымасці. А зімой супаставім магчымасці. Калі не будзе магчымасцяў, якія мы планавалі папярэдняй зімой, то будзе слабы склад, будзем гуляць маладымі футбалістамі. Але ў чэмпіянаце мы працягнем удзел.

Калі мы здымемся, то ні пра якую вышэйшую лігу не можа быць і гаворкі. У ніжэйшых лігах... Цяжка сказаць. Даўгі застануцца, мы не зможам гуляць і ў другой лізе, я падазраю. Проста тады чакаецца банкруцтва з ліквідацыяй. Паміраць вельмі не хочацца. Таму я тут. Ёсць сілы і ідэі, ёсць вера. Спадзяюся, што гэта не канец, а пачатак новай эпохі.

 

Пра магчымы продаж клуба

Прапаноў аб куплі клуба не паступала. Было ў плане набыццё долі, але гэта было да крызісу з сыходам футбалістаў. Потым чалавек прапанаваў паразмаўляць пазней, зімой. Але кантрольны пакет ніхто купіць не прапаноўваў.

Тут вельмі шмат нюансаў. Я не гатовы цяпер назваць суму. Перш за ўсё, трэба пакрыць нашы даўгі, а далей усё залежыць ад умоў, якія нам будуць ставіць. Страта ўлады мяне не вельмі хвалюе. Я б хацеў займацца спартыўнай часткай, гэта ў мяне атрымліваецца. На жаль, за тры гады не атрымалася нармальна выбудаваць офіс і камерцыйную частку. Магчыма, задача апрыёры немагчымая.

 

Пра свае памылкі

Не змог пабудаваць камерцыйную частку і офіс. Трохі падзанядбаў футбольную каманду. У адрозненне ад мінулых збораў, я не быў ні на адным з іх і не адчуў сітуацыю ўнутры калектыву ў адносінах да трэнера, іх матывацыю. Гэта аказалася праблемай на пачатку сезона і вылілася ў дрэнныя вынікі і канфлікт. Больш думаў пра тое, як прыцягнуць грошы, а не будаваць каманду.

Узімку былі прапановы ў 10-25 тысяч долараў за футбалістаў. Але мы іх не разглядалі, здавалася, што гэта мала. Цяпер мы не змаглі ўтрымаць гульцоў, шкада. Тыя ж Шыкаўка і Талейка ― мы іх давялі да вышэйшай лігі. Прадаваць я іх не збіраўся, мы іх хацелі развіваць далей. Але так склалася, што ў нас не аказалася футбалістаў, якіх мы развівалі, і кампенсацый за іх. Памылкі, перш за ўсё мае, напэўна, прывялі да гэтага.

 

Пра дапамогу з боку дзяржавы

Я прасіў узяць долю дзяржаву, каб мы былі на роўных умовах. Даволі нелагічна, што адзін клуб плаціць падаткі, а 15 астатніх з гэтых падаткаў атрымліваюць свой бюджэт. Калі ў краіне такія правілы, хацелася б, каб для ўсіх яны былі роўныя. Я хадзіў у НАК і выканкамы, але не атрымалася. Калі б такая дапамога была, я б яе ўзяў. Тое, што я цяпер прашу, клубы маюць па змаўчанні. Проста я прашу гэта не праз падаткі, якія плаціце ўсе вы, а напрамую. Мы падкрэсліваем, што мы прыватны клуб і ў нас няма іншых крыніц фінансавання. Так, гэта з аднаго боку прадмет гонару, але з іншага боку, мы хочам мець хоць бы роўныя правы. Калі б дзяржава не дапамагала нікому, мы б і не прасілі. Я хацеў, каб мы карысталіся падаткам на нерухомасць, як нашы канкурэнты. Мы хацелі, каб 25% ўзяла дзяржава, і мы б падпадалі пад гэты закон. Пра гэта размаўлялі, але людзям гэта было нецікава.

На самай справе, у мінулым годзе нам дапамог НАК. Калі мы стваралі дзіцячую школу, дзякуючы Максіму Рыжанкову, НАК пералічыў грошы для палі, і мы імі карысталіся. Гэта істотная дапамога, за што мы вельмі ўдзячныя Рыжанкову.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі