Дзякуючы ЭКА мамамі летась сталі на 30% больш беларусак, чым у 2022-м

Дзіця, ілюстрацыйнае фота

Дзіця, ілюстрацыйнае фота / Unsplash

У мінулым годзе колькасць жанчын, якія сталі мамамі дзякуючы ЭКА, вырасла ў параўнанні з 2022 годам на 28,1%. Дзяцей, зачатых у прабірцы, нарадзілі ў мінулым годзе 1 392 жанчыны. Пра гэта паведамляе Белстат са спасылкай на звесткі Міністэрства аховы здароўя. Нагадаем, з 2021 года сем'і, якія маюць праблемы з зачаццем дзяцей, пры пэўных умовах маюць права на бясплатнае ЭКА.

Белстат з нагоды Дня сям'і, які адзначаецца 15 траўня, апублікаваў некаторыя лічбы і факты. Праўда, выкарыстаў пераважна звесткі перапісу 2019 года. То бок, гэта дадзеныя без уліку эпідэміі COVID-19 і наступнай масавай эміграцыі беларусаў з краіны.

Але нават паводле таго перапісу менш за палову беларускіх сем'яў (43,7%) мелі дзяцей. Больш за палову сем'яў з дзецьмі выхоўвалі толькі адно дзіця — такіх сем'яў 57,3%. У кожнай трэцяй сям'і з дзецьмі раслі двое дзяцей. Трое і больш дзяцей былі толькі ў кожнай 10-й сям'і з дзецьмі. У выніку атрымліваецца, што сярэдні памер сям'і ў Беларусі на той момант складаў 2,9 чалавека.

Летась у Беларусі былі заключаны 56 044 шлюбы. Сярэдні ўзрост уступлення ў шлюб склаў для жанчын 26,5 гадоў, для мужчын — 28,8 гадоў. У 2023-м годзе таксама былі зарэгістраваныя 444 шлюбы паміж людзьмі старэйшымі за 65 гадоў. Пры гэтым 42 старэйшыя жанчыны і 60 мужчын уступалі ў шлюб упершыню.

Благодаря ЭКО мамами в прошлом году стали на 30% больше белорусок, чем в 2022-м
Колькі дзяцей выхоўваецца ў сем'ях у Беларусі / Белстат

Flowers Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі