Дзядзька Домрачавай: Не выключаю, што ў яе былі адносіны з Б'ёрндаленам

Дзядзька найлепшай біятланісткі свету Дар'і Домрачавай Мікалай Мінін даў інтэрв'ю газеце "Народная воля". Ён — малодшы брат маці Дашы, працуе кіраўніком адной з дзяржаўных установаў.

Як вядома, учора Домрачава, па выніках сезона, стала ўладальніцай Вялікага Крышталёвага глобуса. Ёй 28 гадоў. Дар'я — першая беларуская спартсменка, якая стала Героем Беларусі. У лютым 2014-га такім чынам былі адзначаныя заслугі перад нашай краінай трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Сочы.

Адно з пытанняў да Мікалая Мініна датычыла асабістага жыцця Дар'і. Як вядома, у апошнія гады неаднаразова ўзнікалі чуткі пра раман Домрачавай з знакамітым нарвежскім біятланістам Оле-Эйнарам Б’ёрндаленам. Апошні раз — у пачатку сакавіка, калі ў сацсетках з'явіўся фотаздымак, на якім можна пабачыць маладых людзей, якія падобныя на зорных біятланістаў. Яны, нібыта, гулялі разам па адным з гандлёвых цэнтраў у Фінляндыі, дзе праходзіў чэмпіянат свету.

"А пра раман Домрачавай з Бьёрндаленам і чуў, і чытаў... Пасмяяўся, калі 1 красавіка паведамілі пра шлюб спартсменаў, — расказвае Мінін у інтэрв'ю "Народнай волі". — Хаця нарвежац насамрэч сышоў ад жонкі, і я нават не выключаю, што ў яго былі нейкія адносіны з Дашай. Але сама яна пра гэта замоўчвае — і дзякуй Богу! Не трэба лезці ў чужое жыццё...".

Адзначым, што нарвежскі біятланіст старэйшы за Домрачаву больш чым на 12 гадоў.

Па словах дзядзькі Дар'і, сваякі раілі ёй яшчэ пасля трыумфальнага выступлення на Алімпіядзе ў Сочы сыходзіць са спорту, ствараць сям'ю і нараджаць дзяцей. Але яна вырашыла пачакаць. "Калі ёсць магчымасць ствараць сабе плацдарм на будучае, зарабляць тытулы і грошы, то чаму б і не? Пакуль ёсць кураж — трэба карыстацца момантам", — кажа Мікалай Мінін.

Фота: ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі