Дар'я Домрачава выйграла Вялікі Крышталёвы глобус (відэа)

22 сакавіка ў расійскім Ханты-Мансійску завяршыўся заключны этап Кубка свету па біятлоне. Па выніках жаночага мас-старту беларуска Дар'я Домрачава выйграла Вялікі Крышталёвы глобус. Упершыню ў кар'еры.

Адрыў нашай спартоўкі ад фінкі Кайсы Мякярайнен у агульным заліку Кубка свету склаў 48 ачкоў.

Нагадаем, Дар'і Домрачавай 28 гадоў. Яна — першая беларуская спартсменка, якая стала Героем Беларусі. У лютым 2014-га такім чынам былі адзначаныя заслугі перад нашай краінай трохразовай алімпійскай чэмпіёнкі Сочы.

Золата ў сённяшняй гонцы заваявала немка Лаура Дальмаер. 7 секундаў ёй саступіла чэшка Габрыела Соўкалава, 20 — францужанка Дарэн Абер, 29 — Дар'я Домрачава. Кайса Мякярайнен была толькі 13-й.

Дыстанцыю 12,5 км Домрачава прайшла за 35 хвілін 38,1 секунды, двойчы прамазаўшы пры стральбе (0+0+1+1).

У агульным заліку Дар'я Домрачава займае першае месца і мае 1092 ачкі. На другім месцы ідзе фінка Мякярайнен (1044), трэцяе заняла ўкраінка Валянціна Семярэнка (865).

З іншых беларускіх біятланістак Надзея Скардзіна апынулася на 18-м месцы (442), Надзея Пісарава — на 41-м (172), Анастасія Дубарэзава — на 50-м (122), Ірына Крыўко — на 55-м (100).

Галоўнае фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі