Дзядуля з пінскага кірмаша: Мяне цягнулі за тры кілаграмы агуркоў

“Цягнулі мяне, у мяне было тры кілаграмы агуркоў, агуркі рассыпаліся Людзі збіраліся, дый я стаў. Трымалі мяне, трымалі. Потым пачалі на другіх. Я сагнуўшыся неяк так сышоў”, — тлумачыць Еўрарадыё 80-гадовы Якаў Іванавіч.

Па словах дзядулі, гандляваў у забароненым месцы ён бо… Несці на рынак тры кілаграмы агуркоў нявыгадна.

“Тры кілаграмы агуркоў прадаць — гэта аналіз рабіць трэба. А яны па 4 тысячы, а праверка не менш за тры з лішнім каштуе. Вось і ўвесь прыбытак. Калі вядро ці два збярэцца — тады ўжо на рынак можна”, — працягвае дзядуля.

Скардзіцца на міліцыянтаў Якаў Іванавіч не збіраецца, маўляў, у 80 гадоў гэта цяжка. А вось у Пінскім гарвыканкаме на пенсіянераў скардзяцца: не хочуць гандляваць на рынку!

“Ёсць правілы гандлю, ёсць месцы, дзе мусяць гандляваць. Мы ўжо стаміліся даваць інфармацыю, заплаці капейчыну, а калі пенсіянер, то можа і так неяк на рынку стаць. Не, ім там трэба! Спецыяльна дадаткова на рынках ўсталявалі дзвесце сталоў”, — у гарвыканкаме пра здарэнне 7 ліпеня добра ведаюць.

Нагадаем, міліцыя склала адміністратыўныя пратаколы на траіх чалавек: аднаго мужчыну і дзвюх жанчын. Мужчыну ўжо паспелі пакараць штрафам у два мільёны рублёў. Міліцыя дзейнічала не вельмі мякка: на відэа бачна, як сівога дзеда спрабуюць засунуць у машыну.

Цяпер Брэсцкая абласная міліцыя абяцае праверыць, чаму іх пінскія калегі так жорстка абыходзіліся з людзьмі.

“У тым месцы часта гандлююць. Іх ужо некалькі разоў папярэджваў участковы. Але ім было ўсё роўна. У выніку ён прыехаў з нарадам”, — даводзяць Еўрарадыё ў Брэсцкай абласной міліцыі.

Але праз чатыры дні каля рынку зноў гандлююць, дзеляцца са мной ў мясцовым філіяле банка, які стаіць поруч:

“Маліны сёння прадаюць, агуркі. Такая вось садавіна-гародніна. Звычайна набываюць. Яны кожны дзень стаяць. Але, можа, яны яшчэ не ведаюць, што ў нядзелю было”.

У суседняй краме разгон гандляроў-дачнікаў бачылі. Але глядзець на гэта не змаглі: жорсткае відовішча.

“Я на такое не магу глядзець, я толькі ў акно выглянула. Не магу я глядзець, калі так здзекуюцца з людзей. І сёння прыходзіла міліцыя”, — прыгадваюць у суседняй краме.

Нагадаем, у выніку разгону на рынку “Заходні” у Пінску адміністрацыйныя пратаколы склалі на траіх чалавек: дзвюх жанчын 1949 года нараджэння і мужчыну 1957 года, якога затрымалі за “ўмяшальніцтва ў вырашэнне справы аб адміністратыўным правапарушэнні”. Відаць, затрымалі мужчыну, які спрабаваў уступіцца за гандляроў і атрымаў штраф у два мільёны рублёў.

Затрыманага ля кірмаша ў Пінску аштрафавалі на 2 мільёны