Дзяцей толькі ўзлавалі — падрабязнасці паказальнага затрымання дзяцей у Гродне

Меру стрымання для падлеткаў выбіралі ў прысутнасці школьнікаў / Скрыншот з відэа ont.by
Меру стрымання для падлеткаў выбіралі ў прысутнасці школьнікаў / Скрыншот з відэа ont.by

Відэа, знятае ля Вечнага агню ў Гродне, дзе падлеткі спрабуюць патушыць яго газіроўкай, дзеці ў сетку не выкладалі. Гэта зрабіў нехта іншы ўжо пасля затрымання ўдзельнікаў інцыдэнту, кажуць сваякі падлеткаў. З сябрамі сям'і звязаўся тэлеканал "Белсат".

Падлеткаў затрымалі ў сувязі з зусім іншымі падзеямі — была бойка. Аднаго з хлопцаў забралі ў міліцыю ўзяць паказанні. "Потым міліцыянты пачалі правяраць яго тэлефон, і там было гэтае відэа", — расказаў знаёмы сям'і. У пракуратуры, нагадаем, казалі, што "адзін з падлеткаў затушыў яго (Вечны агонь) вадкасцю, а другі зняў гэта на мабільны тэлефон, пасля чаго размясціў у сетцы Інтэрнэт". Хто выклаў відэа ў Інтэрнэт, сваякі хлопцаў не ведаюць.

Бацькі былі на першым допыце, а потым тры дні не ведалі, што з іх дзецьмі.  "Мы наогул не ведалі, дзе і як яны былі, ні тэлефона не далі, ні адвакатаў, нікога. Следчы нічога не казаў. Толькі потым, у панядзелак, патэлефанавалі і сказалі: "Прыязджайце, будзем арыштоўваць", — расказвае суразмоўца "Белсата". У школе, паводле яго слоў, да паказальнага затрымання паставіліся насцярожана.  

"Усё ў шоку ад таго, што зладзілі гэтую паказуху. Дзяцей яны не правучылі, а толькі больш узлавалі. Дзеці ўвесь дзень потым плакалі хадзілі, перажывалі за хлопцаў", — кажа ён.

Мужчына таксама расказаў, што ў тым інцыдэнце ўдзельнічалі чатыры падлеткі. Наймалодшаму было 13 гадоў — ён праходзіць сведкам па гэтай справе. У той вечар дзеці вярталіся з дыскатэкі, ішлі праз парк, дзе знаходзіцца Вечны агонь. На відэа чуваць, што падлеткі спрачаліся, ці магчыма яго пагасіць. Суразмоўца журналістаў згодны, што караць за такія ўчынкі трэба, "але не так жа".

Нагадаем, на затрыманых падлеткаў 14 і 15 гадоў завялі крымінальную справу за "злоснае (групавое) хуліганства". Да суда хлопцаў пакінулі ў СІЗА.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі