Вы тут

Дзмітрый Піневіч дачакаўся вакцыны ад COVID беларускага разліву і прышчапіўся

Дзмітрый Піневіч зрабіў прышчэпку ад COVID-19 / @ minzdravbelarus​

Міністр аховы здароўя Беларусі Дзмітрый Піневіч зрабіў прышчэпку ад каранавіруса. Ён вакцынаваўся прэпаратам "Спутник V", выпушчаным на "Белмедпрэпаратах", паведамляе прэс-служба Міністэрства аховы здароўя.

"Можна ўжо афіцыйна заявіць, што партыя ўвайшла ў масавы абарот", — сказаў міністр.

Напярэдадні вакцына "Спутник V" беларускага разліву была ўхваленая Міністэрствам аховы здароўя.  Гэтаму папярэднічаў шэраг экспертыз.

Плануецца, што "Белмедпрэпараты" будуць штомесяц выпускаць да 500 тысяч доз вакцыны. У Міністэрстве аховы здароўя мяркуюць, што гэта дазволіць істотна павялічыць даступнасць прэпаратаў для беларускіх грамадзян.

Масавая вакцынацыя ўжо пачалася. Прышчэпкі робяць у паліклініках — па запісе і бясплатна. У Мінску з часам плануюць арганізаваць прышчэпачныя пункты і ў буйных гандлёвых цэнтрах. Да восені ў сталіцы плануюць прышчапіць да 60% жыхароў горада.  

Між тым на гэтым тыдні медыкі абвесцілі пра пачатак трэцяй хвалі каранавіруса ў Беларусі. У краіне назіраецца "чарговы ўздым захворвання інфекцыяй", канстатавала начальніца аддзела гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.