Вы тут

"Дзіцячы сад, яны не разумеюць": у Мінску судзяць траіх падлеткаў-закладчыкаў

Абвінавачаныя ў зале суда / Анастасія Бойка, Еўрарадыё

4 ліпеня Мінскі раённы суд пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні да 16-гадовых Ягора С. і Станіслава Л. , а таксама 17-гадовага Андрэя С. Іх абвінавачваюць па частцы 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса — незаконнае набыццё, захоўванне і збыт наркотыкаў.

Нягледзячы на ​​юны ўзрост, абвінавачаныя сядзяць у клетцы. Хлопцы усміхаюцца, шукаюць у зале суда бацькоў і сяброў, якія прыйшлі падтрымаць іх, пазіруюць, калі іх здымаюць на тэлефоны. Не верыцца, што ім пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі. Падобна да таго, яны самі не вераць у гэта.

"Дзіцячы сад, яны не разумеюць", — кажа Марына, мама Ягора, якая прадстаўляе яго інтарэсы ў судзе. Яна згадвае, што падчас вочных ставак хлопцы былі шалёна радыя бачыць адзін аднаго.

Перад працэсам / Анастасія Бойка, Еўрарадыё

Маладых людзей затрымалі 1 лістапада 2018 года. Ягору тады было ўсяго 15 гадоў. Ён скончыў 9-ы клас у 101-q школе і вучыўся ў Мінскім каледжы прадпрымальніцтва. Станіслаў і Андрэй — вучні школы №67.

Следства доўжылася 8 месяцаў. Увесь гэты час хлопцы правялі пад вартай. Бацькі Ягора бачылі сына двойчы — на спатканні праз шкло. Ягор віну не прызнае. Пасля затрыманьня ён распавядаў бацькам, што толькі ўжываў марыхуану.

Абвінавачаныя падлеткі ў клетцы / Анастасія Бойка, Еўрарадыё

Па словах маці Ягора, пры вобшуку ў іх доме аператыўнікі не знайшлі наркотыкаў.

"Яны мурыжылі яго доўга, калі прыйшлі з ператрусам, прасілі пароль ад тэлефона. Толькі потым мяне пусцілі ў пакой, каб я з ім пагаварыла", — кажа Марына.

Двойчы за паўтары гадзіны ў судзе абвяшчаюць перапынак: спачатку для разгляду хадайніцтва аб прызначэнні судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы Станіслава Л. У суд у якасці эксперта запрасілі сацыяльнага педагога Вету Марковіч. У перапынку маці раней асуджаных за наркотыкі, таксама якія прыйшлі на суд, эмацыйна пачалі распытваць Марковіч пра яе кваліфікацыю і пра тое, для чаго яна прысутнічае на судовым працэсе.

У другі раз суддзя Анжаліка Казлова выдалілася па хадайніцтве маці Ягора — каб высветліць, ці мае сацыяльны педагог Марковіч адпаведную адукацыю.

Пасяджэнне працягваецца.