Джордж Лукас здыме новыя "Зорныя войны"

Фільм "Аватар" Джэймса Кэмерана так паўплываў на Джорджа Лукаса, што той вырашыў зняць новую трылогію "Зорных войнаў", і выкарыстаць распрацаваныя Кэмеранам тэхналогіі. Пра гэта паведамляе рэсурс MarketSaw са спасылкай на свае крыніцы ў кампаніі Lucasfilm.
Сцвярджаецца таксама, што сам Лукас плануе стаць прадзюсерам праекту, а пастаноўку фільмаў даверыць тром іншым рэжысёрам, у першую чаргу, сваім сябрам Стывену Спілбергу і Фрэнсісу Форду Копалу.

Прэс-служба Lucasfilm не пацвярджае і не абвяргае гэтую інфармацыю, заявіўшы толькі, што ў дадзены момант студыя не працуе над стварэннем якіх-небудзь фільмаў у 3D-фармаце.

Нагадаем, што пасля выхаду карціны "Зорныя войны. Помста сітхаў" Джордж Лукас заяўляў,  што гатовы працягнуць гісторыю галоўных герояў сагі ў мультыплікацыйным серыяле, а таксама зняць тэлевізійны серыял, у якім гаворка пойдзе пра другасных персанажаў.

Анімацыйная версія пад назвай "Зорныя войны: Вайна клонаў" ужо створаная: напачатку кастрычніка 2009 года ў ЗША пачаўся паказ другога сезону. Падрыхтоўка да здымак мастацкага серыяла вядзецца.

Фота: www.vi-fi.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі