Вы тут

Дзень Волі-II: 27 сакавіка ў Беларусі затрымалі больш за 100 чалавек

27 сакавіка, БЧБ-сцяг над "Каскадам" у Мінску / Еўрарадыё

У Беларусі 27 сакавіка затрымалі больш за 100 чалавек, большасць з іх — у Мінску. Такімі дадзенымі па стану на 20:30 дзеліцца праваабарончы цэнтр “Вясна”.

"РИА Новости" са спасылкаю на МУС Беларусі таксама паведамляе, што сёння ў аддзяленні міліцыі прывезлі больш за 100 затрыманых. 

Сярод тых, каго затрымлівалі, не менш за шэсць незалежных журналістаў з выданняў “Белорусы и рынок” (Любоў Бахурэвіч), “Наша Ніва” (Ягор Марціновіч, Надзея Бужан, Кацярына Карпіцкая), парталу TUT.by (Галіна Уласік і Ганна Калтыгіна).

А вось прапагандысту Рыгору Азаронку сілавікі працаваць не перашкаджалі. 

Таксама сілавікі затрымалі вакаліста і аўтара песень гурта Teleport Яўгена Цярэнцьева, сябра асноўнага складу Каардынацыйнай рады, экс-дацэнта МДЛУ Наталлю Дуліну.

Па ўсім Мінску ў суботу затрымлівалі раварыстаў. Аднаму з іх атрымалася збегчы ад супрацоўніка АМАП, калі за яго заступіліся жанчыны.

Не пашанцавала жыхарам Навагрудка. У суботу днём група людзей сабралася на экскурсію пра гісторыю навагрудскіх татар. Але яна так і не пачалася — усіх тых, хто сабраўся (па розных дадзеных ад 10 да 14 чалавек), павезлі ў міліцыю.

Цікава, чаму гэта ўсё адбылося, калі, паводле прэс-службы МУС, “ва ўсіх рэгіёнах краіны не зафіксавана ніводнага несанкцыянаванага масавага мерапрыемства”?

25 сакавіка беларусы па традыцыі хацелі адсвяткаваць Дзень Волі. У сталіцу прыехала калона тэхнікі, на праспекце Незалежнасці стаялі аўтазакі,  людзі ў форме патрулявалі вуліцы. Натуральна, вялікага свята зладзіць не атрымалася, таму ў некаторых тэлеграм-каналах пачалі з'яўляцца прапановы адзначыць Дзень Волі-II мірным шпацырам у суботу, 27 сакавіка. З раніцы сілавікі дзяжурылі на магчымых месцах збору, працуючы па тым жа сцэнары, які не мяняецца з летніх пратэстаў.

Тым не менш над "Каскадам" у Мінску сёння зноў лунаў БЧБ-сцяг і некаторых затрыманых жыхароў краіны ўжо адпусцілі.

Ці працягнуць беларусы адзначаць Дзень Волі далей?..

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.