Дзеці пайшлі ў "Смарт Скул" — не ўсе ведалі, што атрымаюць расійскія атэстаты

Дети пошли в “Смарт Скул”— не все знали, что получат российские аттестаты

У рэдакцыю Еўрарадыё прыйшоў зварот ад былога супрацоўніка прыватнай школы Smart School. Па словах нашай крыніцы, паўгода таму школа пачала пераводзіць вучняў у філіял, зарэгістраваны ў Смаленску. А гэта значыць, што навучэнцам планавалі выдаваць атэстаты аб адукацыі расійскага ўзору.

— Ці змогуць дзеці атрымаць нейкі атэстат, акрамя расійскага? Ці возьмуць іх цяпер з расійскім атэстатам у еўрапейскія ВНУ? — задаецца пытаннямі былы супрацоўнік школы.

Мы пачалі працаваць над гэтым матэрыялам да таго, як Аляксандр Лукашэнка анансаваў "чыстку чыстак" у прыватных школах. Даручыў літаральна "зачысціць усё да немагчымасці".

Гісторыя, якую мы расказваем, не павінна падштурхнуць ні вас, ні Мінадукацыі да высновы, што ўсе прыватныя школы — "проста бізнес", які зарабляе на вучнях і бацьках. Таму ў гэтым тэксце мы раскажам вам пра тое, як правільна выбраць прыватную школу і дзе на самай справе варта шукаць ворагаў адукацыі.

Дети пошли в “Смарт Скул”— не все знали, что получат российские аттестаты

"З наступнага навучальнага года пераводзяць у філіял у Расію"

Па словах крыніцы Еўрарадыё, у студзені 2022 года заснавальнік "Смарт Скул" паведаміў адміністрацыі: плануецца адкрыццё філіяла на тэрыторыі РФ.

— І мы павінны былі распрацаваць праграму з 1 да 11 класа. Мы працавалі над гэтым да сакавіка ўключна, а ў красавіку атрымалі ліцэнзію ў Дэпартаменце па адукацыі Смаленскай вобласці РФ. Нам дазвалялі адкрыць там філіял "Смарт Скул".

На сайце школы сапраўды ёсць дакумент, які пацвярджае, што ў красавіку 2022 года Дэпартамент Смаленскай вобласці па адукацыі і навуцы выдаў ліцэнзію прыватнай агульнаадукацыйнай установе "Сярэдняя школа Смарт Скул".

— Менеджары прапаноўвалі бацькам падпісваць дадатковае пагадненне да дамоваў, дзе было б прапісана, што ўсіх дзяцей, якія навучаліся анлайн, з наступнага навучальнага года пераводзяць у філіял у Расію.

Усё гэта адбывалася ў той час, калі расійскія ВНУ выключаліся з Балонскага працэсу. Заснавальніца сказала: нічога страшнага, мы што-небудзь прыдумаем.

Вялікае пытанне, ці будуць гэтыя расійскія атэстаты каціравацца ў заходніх ВНУ. Пра гэта я папярэджваў заснавальнікаў, я казаў, што неабходна паведаміць пра такія змены бацькам. Але заснавальніца гэта праігнаравала, проста дала каманду менеджарам абзваніць бацькоў і прапанаваць ім заключыць усе дадатковыя пагадненні.

Мы спрабавалі звязацца з кіраўніцтвам школы, але аператыўна атрымаць каментар не ўдалося. Аднак бацькі вучняў расказалі нам, што адміністрацыя растлумачыла ім неабходнасць пераводу ў смаленскі філіял тым, што ў Беларусі анлайн-навучанне для пачатковых класаў забароненае.
 

Па якіх праграмах вучацца дзеці?

Пазней адміністрацыя высветліла, што ўключыць у праграму прадметы, якія выкладаюцца ў кожнай беларускай школе, яны не могуць. Па словах крыніцы Еўрарадыё, у Дэпартаменце Смаленскай вобласці сказалі: раз школа зарэгістраваная ў Расіі, то і ў праграме трэба пазначаць толькі тыя прадметы, якія выкладаюцца на тэрыторыі РФ.

Дети пошли в “Смарт Скул”— не все знали, что получат российские аттестаты

Аўдыязапіс размовы з прадстаўнікамі Дэпартамента ёсць у рэдакцыі. Супрацоўнікі Дэпартамента сказалі, што "калі запыты будуць", то ўстанова адукацыі можа выступіць з ініцыятывай увесці гэтыя прадметы.

Але гэта азначае, што беларускія прадметы могуць выкладацца толькі ў выглядзе факультатываў. Гэта значыць, атэстацыю па іх у старэйшых класах атрымаць не ўдасца.

Але, прынамсі, у пачатковых класах гэтыя прадметы засталіся ў выглядзе факультатываў.

"Вучым усе тыя самыя прадметы, што і ў беларускай школе. Толькі некаторыя падручнікі расійскія. Кажу як ёсць: беларускія мова і літаратура — па раскладзе", — кажа наш суразмоўца.
 

Адбыўся "шпагат"

Наша крыніца расказвае, што пры гэтым "канкурэнтнай перавагай" школы з 2020 года была незалежнасць. Маўляў, у размовах з бацькамі менеджары пазіцыянавалі ўстанову як "астравок бяспекі". І многія навучэнцы былі дзецьмі рэпрэсаваных бацькоў, вымушаных спешна выехаць з краіны.

— Вы вымушаныя перасяліцца ў Літву? Мы вас абаронім, вы атрымаеце атэстаты аб адукацыі, нават калі вам і вашым дзецям трэба тэрмінова выехаць! Але па сканчэнні двух гадоў адбыўся рэзкі пераварот. Або шпагат.

Цяпер некаторыя прыватныя школы — гэта проста юрыдычныя арганізацыі, якія ставяць сваёй мэтай толькі зараблянне грошай на сваіх кліентах.
 

Каментары бацькоў

Не маючы магчымасці атрымаць каментар у адміністрацыі школы "Смарт Скул", мы пагаварылі з бацькамі вучняў школы. І з тымі, якія забралі дзяцей з гэтай установы адукацыі, і з тымі, чые дзеці працягваюць там вучыцца.

Летась сям'я Алены з'ехала з Беларусі. Пачаліся пошукі анлайн-школы. Так яе дзіця трапіла ў "Смарт Скул".

Дети пошли в “Смарт Скул”— не все знали, что получат российские аттестаты

— Ніхто быццам не збіраўся паведамляць бацькам пра тое, што дзеці атрымаюць расійскі атэстат. Калі я стала задаваць пытанні ў суполцы класа ў месенджары, адміны мяне ігнаравалі.

І пасля таго як я сама стала тлумачыць бацькам, што адбываецца ў школе, адміністрацыя выдаліла мяне з суполкі. На маё пытанне, чаму пра пераход школы на рускае навучанне нам ніхто не сказаў, мне далі адказ: бацькоў шмат — не паспелі.

Некаторыя бацькі згаджаюцца з тым, што ў адміністрацыі магло проста не хапіць часу, каб звязацца з усімі бацькамі. Калі Вольга (імя змененае) аддавала дзіця ў "Смарт Скул" у траўні, у дамове ўжо было прапісана, што вучыцца яно будзе па праграме РФ у Беларусі.

— Тады я на гэта не звярнула ўвагі. Бліжэй да верасня адна мама з чата стала патрабаваць тлумачэнняў пра расійскую праграму. І за пару дзён да верасня правялі сход, — кажа Вольга. — Думаю, даць тлумачэнні загадзя школа не магла, таму што займалася афармленнем да апошняга.

Па нашай інфармацыі, не ўсіх дзяцей паспелі перавесці на навучанне пры расійскім філіяле — сапраўды на гэта проста не хапіла часу.
 

"Некаторыя прыватныя школы можна закрыць без шкадавання. Але толькі "некаторыя"

Мы пагаварылі з былым педагогам адной з прыватных гімназій. Андрэй (імя змененае) перакананы: крайніх пазіцый накшталт "лепш прыватнік" або "толькі дзяржшкола!" быць не павінна.

— Усё залежыць ад канкрэтнага калектыву і школы. Некаторыя прыватныя школы асабіста я б закрыў без шкадавання. Але менавіта некаторыя. Ёсць шмат добрых праектаў з цікавымі праграмамі.

Андрэй пералічыў нам галоўныя плюсы прыватных школ.

Магчымасць выйсці за рамкі

— Трэба прызнаць, што часцей за ўсё ў дзяржшколе цяжка адысці ад вельмі вузка зададзенага стандарту. І такія праблемы ёсць у некаторых іншых краінах. Напрыклад, такое я бачыў у Расіі. І ўсё ж за мяжой у цэлым ад гэтага адыходзяць. Ёсць нейкія агульныя стандарты, але варыятыўнасці больш.

Настаўнікаў вызваляюць ад бясконцых "паперак"

— У Беларусі ў прыватных школах усю папяровую бюракратычную працу педагогаў бяруць на сябе спецыяльна нанятыя людзі. Нават калі такая практыка ёсць не ва ўсіх прыватных школах, то ў дзяржшколе такога няма дакладна. І гэта негатыўна адбіваецца на настаўніках, а значыць, на вучнях. Вось калі б дзяржава неяк рэальна вырашыла гэтую праблему... Пакуль жа мы чуем абяцанні. Прычым некалькі міністраў запар абяцалі і мала што зрабілі.

Прыватнікі выбіраюць добрыя падручнікі

— Прыватнікі нярэдка выбіраюць найлепшыя ўзоры, а ў дзяржшколах дапаможнікі бываюць не самай лепшай якасці. У нас дзяржава выдае і перавыдае іх тонамі. Ці то хтосьці грошы на гэтым зарабляе, ці то ў Мінадукацыі і яго структурах засталося мала людзей, якія рэальна разумеюць, што трэба дзецям.

Але можа быць і наадварот!

— У дзяржшколах трапляюцца вельмі добрыя педагогі, якімі я захапляюся. На іх трэба абапірацца, іх трэба слухаць дзяржсістэме.

Мне неяк адзін вельмі заможны чалавек расказаў пра адну з дарагіх беларускіх прыватных школ. Ён пашкадаваў, што аддаў туды дзіця. Рамонт добры, харчаванне — таксама. А настаўніца трапілася ніякая. Такое таксама бывае. Так што павінна быць разнастайнасць і школ, і праграм, каб людзі маглі выбіраць.
 

Як выбраць прыватную школу і не памыліцца — калі Мінадукацыі не закрые ўсе

Андрэй не можа параіць універсальны алгарытм выбару школы. Шмат чаго вы не даведаецеся да таго часу, пакуль дзіця не прыйдзе ў клас. Мы ўсё ж просім яго даць параду, зыходзячы са свайго досведу: як бы выбіраў школу для дзіцяці ён сам?

Дети пошли в “Смарт Скул”— не все знали, что получат российские аттестаты

— Я б выбіраў па цане і па размяшчэнні. Астатняе з першага погляду зразумець нельга. Водгукі не заўсёды аб'ектыўныя. А яшчэ ў нас, па сутнасці, у гарадах няма бясплатнай адукацыі. Проста прыватная даражэйшая за дзяржаўную. Як бы ўлады ні душылі сістэму пабораў на рамонты і іншае, паборы ўсё роўна ёсць у тым ці іншым аб'ёме. Так што дзяржшколы таксама платныя. Проста таннейшыя.

Плюс дзяржшкол, што іх амаль немагчыма закрыць. Калі там ёсць парушэнні, знойдуць крайняга або схаваюць. І там заўсёды будзе акрэдытацыя і атэстат. Многія прыватнікі ў нас шмат гадоў не маглі атрымаць акрэдытацыі. Хтосьці заслужана, а кагосьці, я лічу, спецыяльна "валілі", як студэнтаў на іспытах.

Але быў сэнс часам некалькі класаў павучыцца ў прыватніка з добрай атмасферай у школе, а потым, дзеля атэстата, перайсці ў дзяржаўную. Цяпер гэта ўскладнілі.

Андрэй лічыць атаку на прыватныя школы памылкай чыноўнікаў. Таму што трэба не слепа атакаваць, а ўважліва вывучаць.

— Прычым усе школы. Абсалютна ўсе. Патрэбен дыялог з бацькамі і настаўнікамі, каб яны не баяліся сказаць пра праблемы. Дзяржава вельмі памыляецца, калі ўсе прыватныя школы лічыць сваім ворагам. Усё вельмі індывідуальна. Асноўныя ворагі, мне здаецца, сядзяць у Мінадукацыі і БРСМ. Стварылі сістэму ашуканства і паказухі. Нічым добрым для Беларусі гэта не скончыцца.

Прыватнікі — гэта ж максімум 1-2% ад усіх вучняў. Гэта наогул нічога. Неразумна ў іх шукаць асноўную праблему.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі