Дзе захоўваюць свае грошы вядомыя беларускія эканамісты?

Як высветліла Еўрарадыё, эканамістам галава па гэтым пытанні не баліць.
Дэкан эканамічнага факультэта БДУ Міхаіл Кавалёў зберажэнняў не мае. Але цікава, што іншых заклікае грошы захоўваць. Кажа, што заробкі будуць расці не заўсёды.

Міхаіл Кавалёў:
“Прывыклі ўсе, што ўсе заводы працуюць, заробкі ўвесь час растуць, а трэба было б задумацца, што не ўвесь час можа быць такая сітуацыя! Канешне, трэба захоўваць! Але беларусы маюць вельмі маленькую норму захоўванняў. Прывыклі, што дзяржава пра іх заўсёды паклапоціцца. А трэба самім думаць пра тое, што могуць быць і дрэнныя часы. І трэба на гэтыя “дрэнныя часы” заўсёды мець заначку. А цяпер тым больш...”

Свае грошы дэкан эканамічнага факультэта стараецца адразу ж траціць:

“Іх не так шмат, каб трэба было моцна думаць, дзе і як іх захоўваць. Я калі шчыра стараюся грошы рэалізоўваць, а не захоўваць. Хаця іншых заклікаю захоўваць... У мяне ёсць картка Белінвестбанку. Вось тыя грошы, якія застаюцца пасля заробку, і ляжаць у мяне ў Белінвестбанку”.

Каб галава не балела, Міхаіл Кавалёў раіць захоўваць па трошку ў кожнай валюце:

“Падзяліце вашы грошыкі на чатыры роўныя кучкі – беларускія рублі, расійскія рублі, долары ЗША і еўра...”

Дыверсіфікаваць свае запасы раіць і старшыня Асацыяцыі беларускіх банкаў Фелікс Чарняўскіх. Сам эканаміст трымае грошы ў беларускіх рублях і доларах. На еўра яму не хапіла:

“У мяне ўсе мае грошы ў адным з банкаў у Беларусі. Грошай у мяне не шмат, але назапашванні ёсць. Я ў беларускіх рублях трымаю грошы, ёсць трошку і ў доларах. На еўра грошай не хапіла, іначай было б трошку і ў еўра. Заробак мой невялікі, таму што ж зробіш...”

Што зробіць, калі эканамісты ў нас у краіне разумныя, але не багатыя.

Старшыня прэзідыума Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Ўладзімір Карагін раіць захоўваць грошы ва ўласнай справе. А галоўныя інвестыцыі рабіць у свой інтэлект – “гэта тое, што непадуладна інфляцыі”:

“У Беларусі сёння выгадней за ўсё свае грошы захоўваць альбо ва ўласнай справе, альбо ў крэдытным кааператыве.

Мае сродкі захоўваюцца ў прадпрыемствах, якія я стварыў у свой час, у вышэйшых навучальных установах – гэта значыць у камянях, у крэслах... А самыя галоўныя інвестыцыі я раблю ў сваю адукацыю, замежныя паездкі. Гэта не падуладна інфляцыі, гэта тое, што заўсёды са мной”.

Эканаміст Леанід Заіка гаворыць, што ўкладае грошы ў свой інтэлект. Астатнім раіць расійскія банкі:

“Цяпер найбольш надзейнымі будуць расійскія банкі. А так я захоўваю ўсе свае назапашванні ў сваёй галаве – гэта мой інтэлект”.

А вось расійскі адмысловец Дзмітрый Бутрын, загадчык аддзела эканамічнай палітыкі газеты “Коммерсантъ”, лічыць, што галоўны адказ на крызіс – гэта больш працаваць, а не зберагаць. Спадар Бутрын у эканоміцы разбіраецца, таму зберажэнняў амаль што не мае:

“Я, як асоба, якая разбіраецца ў эканоміцы назапашванняў практычна не маю. Бягучыя рахункі трымаю ў “Райфайзенбанку”, намініраваныя ў еўра. Аддаю перавагу іх траціць па меры іх паступлення. Я ніколі не хвалююся наконт таго, што еўра ўпадзе, ці што еўра вырасце, ці што рубель упадзе альбо вырасце...

Зразумела, што пры такім маленькім аб’ёме назапашванняў як у мяне, няма сэнсу займацца іх абаронай. Галоўнай абаронай для маленькіх назапашванняў з’яўляецца іх трата, у выпадку, калі ёсць пагроза. Так што, галоўны адказ на крызіс – гэта больш працаваць, а не назапашваць”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі