Дзе ў Мінску можна з’есці посныя стравы і колькі яны каштуюць

З 23 лютага да 11 красавіка ў праваслаўных Беларусі Вялікі пост. У гэты перыяд вернікі, што прытрымліваюцца посту, адмаўляюцца ад мяса і мясапрадуктаў, рыбы і рыбных прадуктаў (акрамя нястрогіх дзён), птушкі, яек, малака і малочных прадуктаў, ласункаў, выпечкі, фаст-фуду і алкаголю.  Вернікі ў гэтыя дні ядуць толькі посную ежу — садавіну, гародніну, кашы, арэхі, грыбы, халву.

У адрозненне ад мінулых гадоў, сёлета мінскія кавярні і рэстараны радуюць вялікім выбарам посных страваў. Еўрарадыё высветліла, дзе і што можна з’есці ў гэты перыяд і колькі гэта каштуе.

Пост — час простых і танных страваў

Шмат установаў грамадскага харчавання падчас посту прапаноўваюць асобнае поснае меню як акцыю. Звычайна гэта першая старонка меню, што дазваляе не спакушацца іншымі стравамі і разам з тым няслаба зэканоміць.

Адміністратар сеткі кавярняў “Тэра Піца” адзначае, што з кожным годам посным меню карыстаецца ўсё больш людзей. Папулярнасцю тут карыстаецца карпача з бурака. Яно, дарэчы, выходзіць танней за звыклую ежу.

Так, цэны на “поснае” вагаюцца ад 28 да 68 тысяч рублёў.

Прадстаўнік сеткі рэстаранаў “Васількі” адзначае, што ў іх у поснае меню ўваходзяць дранікі з грыбамі з посным маянэзам, плоў з гароднінай і баравікамі, грыбная поліўка з пярлоўкай, вясенні разнасол, куды ўваходзіць квашаная капуста, марынаваная морква з часнаком, марынаваныя таматы чэры, апенькі і шампіньёны. Гэта стравая найпапулярнейшая сярод “поснага”.

Цэны ляжаць у дыяпазоне ад 35 да 65 тысяч рублёў.

Маркетолаг сеткі піцэрыяў “Піца Тэмпа” расказвае, што ў поснае меню ўваходзіць вялікі спіс страваў. Сярод іх і крэм-суп з брокалі, вясновы салат са свежай гародніны з семачкамі і аліўкавым алеем, макароны пенэ са смажанай гароднінай. Найпапулярнейшым у гэтым меню з’яўляецца запечаны салодкі перац з рысам, гароднінай і грыбамі, ён падаецца з посным маянэзам.

Цана адной порцыі складае ад 29 да 60 тысяч.

Але будзьце пільнымі!

У гэтых установах асобныя стравы ўтрымліваюць сыр жывёльнага паходжання ці посны маянэз. Калі вы прытрымліваецеся шчырага посту, удакладняйце склад!

Пост у рэстаранах вышэйшай цэнавай катэгорыі

У “Grand Cafe” ў посным меню ёсць суп мінестронэ (класічны італьянскі суп цалкам з гародніны), смажаны сыр тофу (сыр соевы з гароднінай), палента з грыбамі (каша з кукурузнай мукі са смажанымі грыбамі), лінгвіні з таматным соусам (паста, прыгатаваная без выкарыстання яек). Прадстаўніца рэстарана адзначае, што поснае меню не карыстаецца асаблівай папулярнасцю: за дзень са 100 чалавек замаўляюць такую ежу толькі 5-6 наведнікаў. Самыя хадавыя стравы тут — суп мінестроне і палента са смажаным сырам тофу.

А вось у “Грунвальдзе” падчас посту прапаноўваюць салат-вінегрэт з белай фасоляй, грэцкім арэхам і льняным алеем, цёплы салат з печанай гародніны і посным алеем, грыбную поліўку з шампіньёнамі, галубцы з пекінскай капусты з рысам і грыбамі, піражкі з бульбы і грыбоў, кашы з грыбамі і цыбуляй, ягадны кісель. Такое меню любяць і замаўляюць нават тыя госці, якія посту не прытрымліваюцца. Прадстаўнік установы кажа, што каля 30-40% усіх гасцей замаўляюць посныя стравы.

Рэстараны, што не “посцяцца”

Ёсць у Мінску і такія ўстановы, дзе поснага меню не прадугледжана з розных прычынаў.

Так, напрыклад, прадстаўніца піўной “Ля Ратушы” адзначае, што іх наведнікі — людзі, якія ў сваёй большасці не шукаюць поснага меню. Установа ж спецыялізуецца на піве.

Адміністратар піцэрыі “Перчык” кажа, што спецыяльнага меню пад пост кавярня не мае, але для вернікаў ёсць стравы, якія можна есці ў гэты перыяд. Госцю толькі варта ўдакладніць, што менавіта ён хоча, і афіцыянт дапаможа з выбарам. У піцэрыі дадаюць, што за апошнія гады посным меню ніхто не цікавіўся, таму яго і не ўводзілі.

Не карыстаюцца папулярнасцю посныя стравы і ў рэстаране беларускай і ліцвінскай кухні “Кухмістр”, таму спецыяльнага меню тут няма.

“Але калі госці захочуць, мы можам індывідуальна згатаваць што-небудзь ці прапанаваць з асноўнага меню, дзе ёсць стравы, якія трапляюць пад апісанне посных”, — дадае прадстаўнік рэстарана.

Фота: world-in-pictures.ru, terrapizza.by, gustissimo.it, womanway.com, gallery-spb.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі