Вы тут

Дырэктара льнозавода, які хваліў Лукашэнка, затрымалі — нібыта за хабар

Сяргей Тур / polymia.by

Сілавікі затрымалі дырэктара прадпрыемства "Карэлічы-лён" Сяргея Тура. Як даведаўся TUT.by на самім ільнозаводзе, затрыманне адбылося яшчэ 17 красавіка.

Першым пра затрыманне дырэктара Карэліцкага льнозавода паведаміў Telegram-канал "Гродненские сливы". Па яго звестках, Тура затрымалі ў Мінску супрацоўнікі 9-га ўпраўлення (па Гродзенскай вобласці) Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. Нібыта дырэктар прадпремства атрымаў хабар у 4500 долараў ад прадстаўніка замежнай фірмы за закупку насення лёну.

На прадпрыемстве журналістам пацвердзілі затрыманне дырэктара, але нічога не ўдакладнілі пра акалічнасці затрымання. 

Функцыі кіраўніка цяпер выконвае галоўны інжынер прадпрыемства Іван Лаўровіч. Пра затрыманне дырэктара ён кажа так: "Чуткі ходзяць розныя, але я ім не веру і агучваць не хачу. Завод працуе, як і раней. Напрыклад, сёння разам з намеснікам дырэктара працуем у палях".

Летась на Карэліцкі льнозавод прыязджаў Лукашэнка і хваліў працу прадпрыемства.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.