Вы тут

Дырэктар беларускамоўнай гімназіі атрымала вымову за рускамоўныя класы

petitions.by

Дырэктар беларускамоўнай гімназіі горада Дзяржынска Людміла Паўхлеб атрымала вымову за рускамоўныя класы. Улады адрэагавалі на петыцыю супраць русіфікацыі навучальнай установы. Яна з'явілася на petitions.by ў кастрычніку, было сабрана амаль 700 подпісаў. Зварот быў накіраваны ў Міністэрства адукацыі.  

Што ж здарылася сёлета ў адзінай у горадзе беларускамоўнай гімназіі? Там набралі 4 першыя класы з рускай мовай навучання і толькі адзін клас з беларускай мовай. Пры гэтым побач знаходзіцца рускамоўная гімназія. Дырэктар беларускамоўнай гімназіі Людміла Паўхлеб спасылалася на заявы бацькоў.

Адказ на петыцыю прыйшоў з Галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама. У ім адзначаецца, што "гімназія дзейнічае на падставе статута... навучанне ў гімназіі ажыццяўляецца на беларускай мове". "За парушэнне прававых нарматыўных дакументаў пры арганізацыі прыёму ў першы клас дырэктару гімназіі Паўхлеб Л. С. аб'яўлена вымова", — піша першая намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Соф'я Філістовіч. Цікава, што загад аб вымове падпісала 23 снежня начальнік упраўлення па адукацыі Дзяржынскага райвыканкама Галіна Гапанькова, якая раней падтрымала з'яўленне класаў з рускай мовай навучання ў гімназіі.

"Замена беларускай мовы навучання на рускую ў гімназіі не плануецца, — гаворыцца ў дакуменце з Мінаблвыканкама. — Упраўленню па адукацыі, спорту і турызму Дзяржынскага райвыканкама рэкамендавана забяспечыць дзейсны кантроль за вызначэннем беларускай мовы навучання пры фарміраванні кантынгенту навучэнцаў і сеткі ўстаноў адукацыі".

petitions.by
petitions.by

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.