"D.O.Z.SK.I.": "У Мінску "праходзяць" толькі зразумелыя спектаклі

А таксама ўсе свае пастаноўкі за 5 гадоў, акрамя спектакля "Зіма". А менавіта з "Зімы" калісьці пачалася творчасць "D.O.Z.SK.I.".

Як патлумачыў Еўрарадыё адзін са стваральнікаў тэатра Зміцер Залескі "Зіма" не вельмі зразумелая беларускаму гледачу.

Зміцер Залескі: "Мы не паказалі гэты спектакль, бо ён доўжыцца 20 хвілін і даволі грузіць. Мы не рызыкуем паказваць "Зіму" у Мінску, нягледзячы на тое, што гэта адзіная наша праца, якая была 4 разы паказана ў Маскве. І ў Еўропе таксама пастаноўка ідзе "на ура".

Але поўная зала Палаца Прафсаюзаў хутчэй кажа пра адваротнае — выступ "D.O.Z.SK.I." у Мінску чаканае і жаданае мерапрыемства.

Своеасаблівым "канферансье" на сцэне быў акцёр Купалаўскага тэатра Саша Казела. Ён аб’яўляў нумары і імправізаваў на тэму вобраза Віталя Вульфа.
Аляксандр Казела
Праграма выступу складалася з ужо добра вядомых мінскай публіцы пастановак і некалькіх прэм’ер. Так спектакль пачаўся з фрагмента новага нумару ў рэпертуары "D.O.Z.SK.I." "Мухі на сонцы", які ўпершыню будзе прадстаўлены ў Мінску 1-га снежня.
Спектакль "Мухи на солнце"
Яшчэ адзін фрагмент гэтага нумару з загадкавай назвай "Дуэт-трыа" быў паказаны ў другой частцы спектакля. Як дуэт пераўтвараецца ў трыа стала зразумела ў канцы нумара — да салістаў пастаноўкі Зміцера Залескага і Вольгі Скварцовай-Кавальскай  — далучылася маленькая залатая рыбка.
Спектакль "Старость"
Самі акцёры засталіся задаволенымі рэакцыяй публікі на новыя спектаклі:

Вольга Скварцова-Кавальская: "Танцуецца ў Мінску добра, глядач нас любіць — ёсць наш глядач, якога мы адчуваем фібрамі. Параўноўваць з выступамі ў Еўропе сённяшні канцэрт не хочацца, бо усё па-рознаму. Дома, вядома ж, радней, таму што мы думаем на адной мове, і таму нават можам дапусціць, як бы гэта на словах успрыняў глядач".
 Калега і сааўтар пастановак Зміцер Залескі з меркаваннем Вольгі не пагаджаецца:

Зміцер Залескі: "Прэм’еры ў Мінску адбыліся зусім не такімі, як ў Еўропе, 100%! Ведаеце, калі мы танцавалі ў Еўропе, там нават светлавікі рэагуюць, як трэба, без усялякіх падказак. І адчуваецца, як глядач сочыць за любой думкай на сцэне. А ў Мінску ўсё ж такі больш рэагуюць на стоадсоткава прыгожыя і зразумелыя рэчы".
Спектакль "Камень.Ножницы.Бумага".

Такую з’яву Зміцер тлумачыць тым, што беларускі глядач усё ж такі не зусім выхаваны. каб ўспрымаць сучаснае мастацтва і тым больш — сучасную харэаграфію.

Зміцер Залескі: "Так, мы ўсё разумеем і яшчэ ёсць над чым працаваць на радзіме. А Еўропа  бачыла, як кажуць, і кетчуп і голыя целы. Мы ўсё гэта бачылі толькі на двд-дысках. Еўрапейская публіка ўсяго наглядзелася і ў стане самастойна зрабіць выбар: гэта смачна, а гэта не. Наш глядач яшчэ не зусім разбіраецца ў гэтым".
Тым не менш, артысты не пабаяліся прадставіць непадрыхтаванай публіцы 9 пастановак, толькі адна з якіх — добра вядомая "Дэ-Рэ" — была стоадсоткава зразумелая беларускаму гледачу і нікога не пакінула абыякавым. Астатнія прымушалі разважаць і асэнсоўваць убачаннае.

Зміцер Залескі: "Я ведаю, што на нашым канцэрце кожны знойдзе што-небудзь, што яму вельмі моцна спадабаецца. Альбо нумар цалкам, альбо нейкі кавалачак. Таму што яны ўсе вельмі розныя".
Яшчэ адзін нумар, які быў пастаўлены з пасылам на гледача і сапраўды вельмі спадабаўся публіцы, — гэта выпускная праца удзельніцы тэатра "D.O.Z.SK.I." Кацярыны Квяткоўскай пад назвай "Очертание неизбежности". Як распавяла сама Кацярына, выносіць свой асабісты нумар на канцэрт "D.O.Z.SK.I." — для аўтараў "Очертания неизбежности" было вялікай адказнасцю:
Спектакль "Очертание неизвестности"
Кацярына Квяткоўская: "Я вельмі ўдзячна Дзіме і Олі за тое, што яны дазволілі нам паставіць гэты нумар, ацанілі гэтую пастаноўку. Не магу сказаць, што было страшна за яго, хутчэй такое прыемнае трапятанне".

Гэтую пастаноўку вылучыў і даўні сябра тэатра "D.O.Z.SK.I.", дырэктар цэнтра тэатральных ініцыятываў Юрый Будзько:

Юрый Будзько: "Мне страшэнна спадабалася "Очертание неизбежности", але гэта не зусім іх праца і гэта адчувалася. Бо я ўжо вельмі даўно назіраю за "Дошкамі", і ў іх ёсць свой почырк. Прычым, я нават ведаю, якія элементы належаць Олі, а якія — Дзіме. Таму што ў кожнага свая пластыка і як раз, калі яно складаецца, атрымліваецца вось гэты цікавы, дзіўны эфект .Я не ведаю больш ні воднага выпадку, калі б два харэографы працавалі поплеч з такім вынікам".
Спектакль Low Freqency
Добра адчувалася і тое, што за гэтыя 5 гадоў артысты пасталелі, іх пастаноўкі здабылі цэласнасць і нерв. А самі артысты пачалі адчуваць сябе больш вольна і ўпэўнена.

Каця Квяткоўская: "За 5 гадоў у "D.O.Z.SK.I." мы і самі адчуваем, наколькі мы пасталелі. І зараз на сцэне мы ўжо просто атрымліваем асалоду. Бо ты выходзіш на сцэну і не дакараеш сябе падчас нумару, што нешта не так, а пакідаеш гэта ў закуліссі, дзе над гэтым трэба папрацаваць".
Дуэт-трыа
У 2010 годзе "D.O.Z.SK.I." шмат гастралявалі, ездзілі па фестывалях, давалі камерцыйныя канцэрты. І, вядома ж, тое, што ў выніку ўбачылі на сцэне беларусы — гэта ўжо іншы ўзровень: акцёры яўна набралі моцы.

"І па гэтых новых працах бачна, што гэта свая мова". — адзначае і Юрый Будзько. "Яны кайфуюць, атрымліваюць асалоду ад таго, што яны робяць і ад таго, што ў іх усё атрымліваецца. Ды і цяперашні склад вельмі магутны. У іх ёсць камандны дух і адчуваецца, што яны ўсе — аднадумцы".
фінальная сцэна дуэта-трыа: з'яўленне залатой рыбкі
Спектакль Homo Sapiens
Фота Таранціна

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі