Доўгая дарога дадому: як украінскага падлетка гвалтоўна вывезлі ў Беларусь

Доўгая дарога дадому: як украінскага падлетка гвалтоўна вывезлі ў Беларусь

14-гадовы Сяргей Саракапуд з вёскі Ягаднае — адзінае дзіця ў Чарнігаўскай вобласці, якое было гвалтоўна вывезена ў Беларусь падчас актыўных баявых дзеянняў. Пра тое, як доўга прыйшлося хлопцу вяртацца дадому, распавяло ўкраінскае выданне “Суспільне Новини”. Пераказваем гэты матэрыял.  

У сакавіку акупанты гвалтоўна вывезлі хлопца за мяжу. Сяргей з сям'ёй правёў 10 дзён у падвале школы, куды расійскія вайскоўцы сагналі больш за 350 вяскоўцаў. 13 сакавіка яго разам з сястрой выпусцілі на паверхню падыхаць і схадзіць за кіпенем. У гэты момант за некалькі сотняў метраў упаў снарад.

“Было вельмі балюча, я ўпаў, кроў ішла з рота, я ледзь не страціў прытомнасць, але людзі падбеглі, паднялі мяне, адвезлі да расіян у медпункт”, — успамінае хлопец.

Сяргей начаваў у тым жа склепе. Хлопчыку патрэбна была аперацыя, таму расіяне вырашылі перавезці яго ў палявы шпіталь у вёску Вішнева. Пазьней разам з параненымі расійскімі вайскоўцамі яго перавезьлі на верталёце ў Беларусь. Сяргей трапіў у дарослы шпіталь у Гомелі. Праляжаў амаль месяц. Пра гэта маці даведалася, калі рускія ўжо адступалі з Чарнігаўшчыны. 

Пазней Сяргея перавялі ў дзіцячую бальніцу. Там ён правёў яшчэ месяц, дзе перанёс дзве аперацыі.

Доўгая дарога дадому: як украінскага падлетка гвалтоўна вывезлі ў Беларусь

“Спачатку ўскрылі рану. Дасталі дробныя аскепкі, потым зноў зашылі. А другая аперацыя — гэта ўжо перасадка скуры з нагі”, — распавядае хлопец.

Сваякам удалося знайсці Сяргея дзякуючы допісу гомельскай медсястры ў сацсетках і ўпершыню з ім паразмаўляць.

Яго сястра Аліна пачала “аперацыю” па вяртанні хлопчыка дадому. Дзяўчына была адзінай з сям'і, хто мог паехаць да Сяргея. Калі ўсе дакументы былі гатовыя, Аліна захварэла на вятранку, вяртанне зацягнулася на два тыдні.

Шлях Аліны ў Гомель, што за 130 кіламетраў ад Ягіднага, цяпер ляжаў праз Польшчу ў Брэст, потым — у Мінск, а адтуль — у Гомель.

Доўгая дарога дадому: як украінскага падлетка гвалтоўна вывезлі ў Беларусь

На зваротным шляху Аліна і Сяргей вырашылі рызыкнуць і паспрабаваць перасекчы беларуска-ўкраінскую мяжу ў Валынскай вобласці. 

“Хлопца прывезлі на мяжу, мы правялі там тры гадзіны, бо было непаразуменне з выпіскай, бо напісалі “Слава Украіне!”. То бок доктар быў украінец і так прыгожа ўсё падаў, але ён не думаў, што на мяжы, краіна-агрэсар… Нам спачатку не паверылі і вельмі доўга ўсё правяралі”, — кажа Аліна.

У рэшце рэшт брата і сястра вярнуліся ва Украіну. 

Да нападу Расіі хлопчык займаўся боксам. Каб аднавіць заняткі, Сяргею цяпер патрэбна рэабілітацыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі