Для палітвязня хірурга Андрэя Любецкага пракурорка просіць 5 гадоў зняволення

Для палітвязня хірурга Андрэя Любецкага пракурорка просіць 5 гадоў зняволення

Пяць гадоў калоніі агульнага рэжыму — такі тэрмін пракурорка Жанна Баранава запрасіла для палітвязня Андрэя Любецкага, якога судзяць у Мінскім гарадскім судзе. 

Любецкі — сківічны хірург, які 18 гадоў адпрацаваў у дзіцячай бальніцы ў Мінску і быў валанцёрам каля Акрэсціна. Яго вінавацяць паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса — 342 (дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак), 130 (распальванне сацыяльнай варожасці), 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1, 2 арт 368 (абраза Лукашэнкі).

Па версіі следства, лекар "публічна выказваўся аб прынятым рашэнні парушыць дадзеную ім медыцынскую клятву... і ўсяляк перашкаджаў аказанню медыцынскай дапамогі супрацоўнікам міліцыі і членам іх сем'яў, заклікаў сваіх калегаў да падобных супрацьпраўных дзеянняў". Таксама яго вінавацяць ва ўдзеле ў васьмі пратэсных акцыях у 2020 годзе і допісах у сацсетках, якія кваліфікавалі як абразы і распальванне варожасці.

На судзе Любецкі заявіў, што ўдзельнічаў у пратэсных акцыях, бо хацеў, каб улады пачулі голас грамадзян. Наконт аказання дапамогі міліцыянтам ён патлумачыў: як валанцёр ён быў каля Акрэсціна і бачыў збітых пратэстоўцаў, таму не гарантуе, што рукі не задрыжаць, калі будзе рабіць аперацыю міліцыянтам.

З апошнім словам Андрэй Любецкі выступіць сёння а 14-й гадзіне. Прыйсці на яго можа кожны.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі