Дэвід Меркел лічыць магчымай адмену санкцыяў ЗША ў адносінах да Беларусі

Намеснік памочніка сакратара Дзярждэпу ЗША па пытаннях Еўропы і Азіі Дэвід Меркел заявіў у інтэрв’ю Еўрарадыё, што ён задаволены сваім візітам у Мінск. Па словах спадара Меркела, зараз галоўным для ЗША з’яўляецца паказаць Беларусі, што яны ўхваляюць вызваленне палітвязняў. Ужо на сустрэчы з прадстаўнікамі ўладаў у Мінску былі абмеркаваныя далейшыя крокі па нармалізацыі беларуска-амерыканскіх адносінаў. Галоўны з іх, лічыць спадар Меркел, - дэмакратычныя выбары. Дэвід Меркел: “Гэта быў вельмі добры візіт. Я прыехаў туды адразу пасля рашэння ўладаў адпусціць палітычных зняволеных, каб сказаць, што гэта вельмі станоўчы крок і каб абмеркаваць наступныя крокі, якія мы можам зрабіць, каб палепшыць амерыканска-беларускія адносіны.

Ёсць шмат рэчаў, над якімі будуць працаваць абодва бакі. Я думаю, наступная задача Беларусі – надыходзячыя выбары. Наконт іх я, дарэчы, размаўляў з прадстаўнікамі місіі АБСЕ. Мы чакаем, што гэтыя выбары будуць лепшымі, чым мінулыя”.

Дэвід Меркел лічыць, што ў беларускай апазіцыі ёсць шанцы прабіцца ў парламент. Але для гэтага трэба ўдзельнічаць у выбарах. Таму ЗША спадзяецца на вялікую колькасць зарэгістраваных кандыдатаў.

Дэвід Меркел: “Мы чакаем вялікай колькасці зарэгістраваных кандыдатаў. Я думаю, апазіцыйныя партыя сфакусаваныя на выбарах. Ім патрэбны доступ да медыяў, магчымасць сустракацца з беларусамі – тое, што спрыяе разнастайным галасам на выбарах.

Я думаю, што са 110-ю месцамі ў парламенце, для апазіцыі ёсць магчымасць атрымаць галасы ў гэты парламент. І гэта дае магчымасць пашыраць грамадзянскую супольнасць і павялічыць колькасць галасоў, якія пачуе Беларусь”.

Спадар Меркел не сказаў, што Штаты будуць патрабаваць вызвалення грамадзяніна ЗША Эмануіла Зельцэра. Аднак яны пільна сочаць за тым, каб Зельцэр утрымліваўся ў прымальных умовах.

Дэвід Меркел: “Спадар Зельцэр – амерыканскі грамадзянін. І яго лёс для нас вельмі важны. Мы хочам быць упэўненыя, што яму дазволяць рэгулярныя наведванні, што ён атрымлівае прапісаныя доктарам лекі. Мы б хацелі, каб справа была закрытая. На гэтую тэму мы яшчэ будзем размаўляць з беларускімі ўладамі”.

У тым, што колькасць супрацоўнікаў амерыканскай амбасады зноў павялічыцца да той, што была ў пачатку года, Дэвід Меркел сумняваецца. Аднак спадзяецца, што ў хуткім часе амерыканскіх дыпламатаў у нас пабольшае.

Дэвід Меркел: “Статус нашай амбасады ў Беларусі – гэта важны інтарэс ЗША. Мы хацелі б, каб амбасада працавала з такой колькасцю дыпламатаў, якую наш урад палічыць патрэбнай. Мы, канечне, радыя, што наш сцяг цяпер лунае ў Мінску. І гэта ў нашых інтарэсах павялічыць колькасць амбасадараў да стану на пачатак сакавіка.

Калі я быў у Мінску, мы абмяркоўвалі шмат пытанняў з уладамі наконт крокаў, якія могуць палепшыць нашыя адносіны. Гэтае пытанне вельмі важнае для нас. Мы спадзяемся, што ў будучыні нашая амбасада будзе больш нагадваць тую, якая была раней”.

Што тычыцца санкцыяў, то Дзярждэп пакуль не гатовы сказаць, які будзе іх далейшы лёс. Аднак вызваленне палітвязняў – добры знак. Таму, калі справы і далей будуць працягваць рухацца ў такім кірунку, адмена ўсіх санкцыяў магчымая, лічыць Дэвід Меркел:

“Санкцыі былі накладзеныя, каб падштурхнуць Беларусь да пазітыўных зменаў. Каб былі вызваленыя палітвязні і палепшылася сітуацыя з правамі чалавека. Канечне, мы б хацелі бачыць гэтыя змены ў Беларусі, што зробіць магчымым для нас адмену санкцыяў”.

Акрамя таго спадар Меркел зазначыў, што ЗША шчыльна супрацоўнічаюць з Еўрасаюзам у пытанні Беларусі. Таму ў хуткім часе ад іх можна чакаць сумесных заяваў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі