Дэпутаты прапанавалі машыны ў нецвярозых кіроўцаў не канфіскоўваць

Але штрафы ўвядуць такія, што, каб іх выплаціць, людзі будуць вымушаныя самі прадаваць сваіх “жалезных канёў”. А можа і не толькі іх Летась Генпракуратура напалохала аматараў выпіць і сесці за руль сваёй прапановай караць за паўторнае кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення канфіскацыяй машыны. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прыслухаліся да прапановы і 11 чэрвеня прынялі ў першым чытанні адпаведныя папраўкі ў Крымінальны і Адміністрацыйны кодэксы. Праўда, замяніўшы канфіскацыю на вялізарныя штрафы і крымінальную адказнасць.

Папраўкі прадугледжваюць за паўторнае кіраванне ў п’яным выглядзе штраф у памеры ад 10,5 да 35 мільёнаў рублёў, выпраўленчыя працы да 2 гадоў, арышт да 6 месяцаў, абмежаванне волі да 2 гадоў альбо пазбаўленне свабоды на такі ж тэрмін.

Праўда, паводле слоў старшыні камісіі па заканадаўстве і судова-прававых пытаннях Палаты прадстаўнікоў Мікалая Самасейкі, гэтыя лічбы не канчатковыя. Меркаванняў на гэты конт у дэпутатаў шмат.

Мікалай Самасейка: “Ужо шмат заўваг. Хтосьці лічыць, што большы штраф трэба, хтосьці — меншы. Гэта больш суб’ектыўныя меркаванні такія”.

Еўрарадыё пацікавілася ў дэпутата, як пралічвалася лічба максімальнага памера штрафу — амаль 10 тысяч еўра.

Мікалай Самасейка: “Паколькі не прадугледжваецца канфіскацыя транспартнага сродку, то зыходзілі з сярэдняга кошту транспартнага сродку, на які можа быць накладзены арышт у выпадку невыканання штрафа. Такім чынам, накладаецца штраф, а калі не можа аплаціць, то накладаецца арышт на транспартны сродак і рэалізоўваецца”.

І патлумачыў, чаму вырашылі адмовіцца ад ідэі Генпракуратуры канфіскоўваць машыну адразу.

Мікалай Самасейка: “Значная большасць ездзіць не на сваіх аўтамабілях — і норма канфіскацыі працаваць не будзе. А ў такім выпадку пачынаюцца выканаўчыя дзеянні: можа быць накладзены арышт на маёмасць, банкаўскія рахункі і гэтак далей”.

Вярнуцца да разгляду паправак і заўваг да іх дэпутаты, па словах старшыні камісіі, плануюць увосень. Але начальнік упраўлення ДАІ МУС Юрый Літвін паскардзіўся Еўрарадыё на пагражальную сітуацыю з п’янымі кіроўцамі не беларускіх дарогах.

Юрый Літвін: “Я лічу, што такое пакаранне будзе адпаведным. У тым плане, што яно можа паўплываць і паўплывае на сітуацыю. Бо з пачатку года ўжо больш за тысячу кіроўцаў затрыманыя за паўторнае цягам года кіраванне. А ўсяго ад пачатку года мы затрымалі больш за 24 тысячы нецвярозых кіроўцаў. За гэты ж час па віне нецвярозых кіроўцаў было здзейснена 288 дарожных здарэнняў і за 5 месяцаў па іх віне загінула 49 чалавек”.

Згодна са словамі Літвіна, можна крыху выпіць і сесці за руль — але калі вас спыніць інспектар і папросіць дыхнуць у прыбор, паказанні не павінны перавышаць 0,5 праміле. Для параўнання: выпітыя 100 грамаў гарэлкі пакажуць 0,49 праміле, а 200 грамаў сухога віна — на палову менш. Дарэчы, прыбор “кантроль цвярозасці” ёсць у кожнага ДАІшніка. Але, паводле слоў Юрыя Літвіна, у 99 са 100 выпадкаў кіроўцаў правяраюць не на месцы, а вязуць у бліжэйшую лякарню на агляд.

Але як стала вядома Еўрарадыё, і зараз здараюцца выпадкі, калі п’яным кіроўцам суд прысуджае “непад’ёмныя” штрафы. Так, у лютым Баранавіцкі суд прысудзіў 24,5 мільёна рублёў нецвярозаму аўтапарушальніку з Баранавіч. Прычым гэта было ўжо шостае затрыманне мужчыны ў стане алкагольнага ап'янення: летась мужчына ўжо быў пакараны штрафам памерам у 700 тысяч беларускіх рублёў, а таксама пазбаўлены пасведчання кіроўцы на пяць год і пакараны 15 суткамі арышту.

Як патлумачыў старшыня суда Баранавіцкага раёна і горада Баранавічаў Мікалай Кміта, іх суддзі ўжо амаль год як менш за 200 базавых велічынь, альбо амаль 25 мільёнаў, штраф за такія парушэнні не выпісваюць.

Мікалай Кміта: “Практыка ў апошні час такая і была — давалі ад двухсот. Пакаранне ў 100 базавых велічынь практычна не прымянялі, бо рост пайшоў такіх злачынстваў. Летась за паўторнасць у Баранавічах было прыцягнута больш за тысячу чалавек толькі да адміністрацыйнай адказнасці”.

Сумы штрафаў вялікія, найчасцей выплаціць іх у людзей няма магчымасці. І судовыя выканаўцы апісваюць маёмасць парушальніка. У першую чаргу — машыны.

Мікалай Кміта: “У нас у Баранавічах ДАІ машыны як толькі затрымалі — адразу на штрафстаянку”.

І пазбегнуць выплаты штрафу ніякай магчымасці няма.

Мікалай Кміта: “Гэта крымінальны штраф. Бывае ж так, што штраф на кампенсацыю нанесеных страт немагчыма выплаціць, пішуць акт аб немагчымасці спагнання. Крымінальнага ж штрафу так не пазбавішся, ён будзе за чалавекам увесь час хадзіць. І калі ён ухіляецца ад выплаты гэтага штрафа, то прыцягваецца да крымінальнай адказнасці за ухіленне. Але штраф усё адно застаецца”.

У траўні Міжгарнізонны ваенны суд Барысава прысудзіў алімпійскаму чэмпіёну Андрэю Арамнаву за паўторнае кіраванне ў нецвярозым стане 150 базавых велічынь штрафу — каля 1800 долараў. Як прызнаўся Еўрарадыё цяжкаатлет, штраф ён да гэтага часу не выплаціў і не ведае, як гэта зрабіць, маючы заробак у 200 тысяч рублёў.

Андрэй Арамнаў: “На дадзены момант штраф яшчэ не выплачаны. Не ведаю, як яго аддаць. Думаю, што сябры дапамогуць”.

Добра, што алімпійскага чэмпіёна судзілі не ў Баранавічах. У такім выпадку штраф быў бы значна большым.

Фота: http://photo.bymedia.net/

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі