Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў на працы наведваюць непрыстойныя сайты

У кабінетах нават усталявалі назіранне за сайтамі, якія праглядаюць народныя абраннікі. Але нічога зрабіць не могуць Як даведалася Еўрарадыё, толькі сёння ў парламент прыйшлі высокія тэхналогіі — амаль у кожнага дэпутата ёсць камп'ютар і інтэрнэт. Паводле слоў былога дэпутата Палаты прадстаўнікоў Сяргея Гайдукевіча, у часы, калі ён займаў дэпутатскае крэсла, толькі лічаныя народныя абраннікі карысталіся інтэрнэтам.

Сяргей Гайдукевіч: “Было можа быць яшчэ 2-3 чалавекі, якія гэтымі пытаннямі карысталіся. Проста перакананы на 100%, што больш дзвюх трэціх парламентарыяў, якія знаходзяцца ў парламенце, паняцця не маюць, што ёсць сайт "Партызан" ці сайт Еўрарадыё. Для іх гэта выключана”.

Нават цэнтралізаванай сістэмы мэйлаў для дэпутатаў дагэтуль не створана. Парламентарыі карыстаюцца архаічнымі драўлянымі ячэйкамі, з якіх дастаюць “поўную” інфармацыю.

Сяргей Гайдукевіч:
“Кожны дэпутат мае сваю ячэйку. У ячэйку паступае нейкі дакумент. Вось ён прыйшоў і прачытаў гэты дакумент. Усё, ніякіх іншых перасылак не існуе”.

Аднак начальнік упраўлення інфармацыйных тэхналогій Палаты прадстаўнікаў Іван Кляцкоў распавёў Еўрарадыё, што сёння камп'ютараў не хапае толькі дзевяці депутатам. У народных абраннікаў ёсць нават інтэрнэт!

Іван Кляцкоў: “На дадзены момант у нас 101 дэпутат мае персанальны кампутар, які ўключаны ў лакальную сетку Палаты прадстаўнікоў з выхадам у інтэрнэт”.

А вось узровень валодання гэтымі камп'ютарамі пакідае жадаць лепшага. Для дэпутатаў нават арганізоўваюцца адмысловыя курсы, часам, каб далучыць парламентарыяў да сусветнага павуціння, а часам, каб банальна навучыць камп'ютар у разетку ўключаць.

Іван Кляцкоў: “Сваімі нават невялікімі сіламі мы іх вучым, праводзім семінары, расказваем, паказваем магчымасці інтэрнэта. І пачатковую падрыхтоўку праводзім”.

Праўда, па прызнанні спадара Кляцкова, ёсць і такія дэпутаты, якія пасля навучання пачынаюць наведваць… непрыстойныя сайты. Упраўленню інфармацыйных тэхналогій нават давялося ўсталяваць сталае назіранне за старонкамі, якія парламентарыі наведваюць часцей за ўсё.

Іван Кляцкоў: “Мы сочым, каб не займаліся непатрэбнымі справамі. Ну, вы ж самі ведаеце, якія сайты — можна глядзець цэлы дзень усялякае непатрэбнае. Ну і тое, мы як бы... яны ж парламентарыі, яны маюць права на ўсё, яны абраннікі народа”.


Фота — bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі