Дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў не ўключаць у Асамблею Еўранэст?

Як даведалася Еўрарадыё, беларуская дэлегацыя ў Парламенцкую Асамблею Усходняга Партнёрства хутчэй за ўсё будзе складацца толькі з прадстаўнікоў апазіцыі і грамадзянскай супольнасці
Днямі ў СМІ з’явілася інфармацыя, што прадстаўнікоў апазіцыі не запросяць у Парламенцкую Асамблею Ўсходняга Партнёрства.  А Беларусь у Еўранэсце, нібыта, будуць прадстаўляць толькі 6 дэпутатаў  Палаты прадстаўнікоў. Такую інфармацыю кіраўніцтва партыі Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя  атрымала ад сваіх крыніц у ЕС, паведаміў Еўрарадыё сустаршыня аргкамітэту партыі Аляксей  Шэін:

 

 “Наколькі я ведаю, гэта неафіцыйная інфармацыя. Але вось калі вы мяне запытаеце, я думаю, яна верагодная.  Хутчэй за ўсё, так і можа быць. Гледзячы па той інфармацыі, што мы маем, хутчэй за ўсё, такое рашэнне будзе прынята”.

 

Тое, што размовы пра склад беларускай дэлегацыі сапраўды вядуцца ў еўрапейскіх кулуарах, пацвердзіў старшыня Дэлегацыі Еўрапарламента да Парламенцкай Асамблеі Еўранэст Крысціян Вігенін. Аднак па яго словах, беларускіх дэпутатаў у Парламенцкую Асамблею Ўсходняга Партнёрства пакуль ніхто не ўключаў.

 

Крысціян Вігенін: “Я магу ўпэўнена сказаць, што адзінае рашэнне, якое мы маем на гэты час, такое,  што Беларусь павінна быць прадстаўлена ў Еўранэсце лідэрамі апазіцыйных партый і сябрамі грамадзянскай супольнасці. Гэта рашэнне папярэдняга складу Еўрапейскага парламента, і яго ніхто не змяняў”

 

Такія намеры Еўрапейскага Парламента пацвердзіў і намеснік старшыні Дэлегацыі да ПА Еўранэст Яцэк Сарыюш-Вольскі. Раней сапраўды вяліся перамовы, каб у склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі 5 дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і 5 прадстаўнікоў апазіцыі. Аднак афіцыйны Мінск адмовіўся ад такой прапановы. У выніку, у Еўранэсце Беларусь будуць прадстаўляць толькі апазіцыянеры і сябры няўрадавых арганізацый, паведаміў Еўрарадыё Яцэк Сарыюш-Вольскі:

 

“У склад Парламенцкай Асамблеі Усходняга Партнёрства ўвойдуць 10 прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазіцыі. На сённяшні дзень юрыдычнае становішча менавіта такое”.

 

Еўрадэпутаты чакаюць ад беларускай грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных партый спіс прапанаваных кандыдатаў.  Сярод іх Еўрапарламент і выбярэ 10 дэлегатаў у Парламенцкую Асамблею Еўранэст. Беларусь будзе ўдзельнічаць у працы Асамблеі ў якасці назіральніка.

 

У складзе дэлегацыі еўрадэпутаты бачаць не толькі лідэраў найбуйнейшых апазіцыйных партый, а таксама прадстаўнікоў незалежных журналістаў, цэркваў і нацыянальных меншасцяў. Гэтае пытанне Еўрапарламент абмяркуе 16 снежня на пленарнай сесіі ў Страсбургу. А вось праект новай рэзалюцыі па Беларусі, хутчэй за ўсё так і застанецца без увагі.  Яцэк Сарыюш-Вольскі мяркуе, што гэта ўжо неактуальнае пытанне:

 

“Быў сэнс рабіць гэта тэрмінова, калі вырашалася пытанне санкцый супраць Беларусі. А зараз непасрэднай патрэбы ў рэзалюцыі няма, хаця безумоўна, ёсць пэўныя факты, на якія варта было б неяк зрэагаваць. Але наступная палітычная перспектыва – гэта прэзідэнцкія выбары ў Беларусі. Вось тады праект рэзалюцыі  і вернецца на паседжанне Еўрапарламента”

 

Зараз жа палітычныя групоўкі ў Еўрапарламенце моцна супраціўляюцца ўключэнню гэтага пытання ў парадак дня. Па словах Сарыюша-Вольскага, такім чынам яны хочуць захаваць добрыя адносіны з Расіяй.


Фота: Еўрарадыё

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі