Дэпутат Тэнгіз Думбадзэ прыйшоў у Палату прадстаўнікоў у масцы

Дэпутат Тэнгіз Думбадзэ прыйшоў у Палату прадстаўнікоў у масцы

На пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў 9 красавіка ў масцы прыйшоў толькі адзін дэпутат — былы тэлевядоўца АНТ Тэнгіз Думбадзэ.

На пасяджэнні ён атакаваў міністра аховы здароўя Уладзіміра Караніка: "Ці не будзе нам сорамна праз два-тры месяцы?" На гэта медыцынскі чыноўнік адказаў: "Нам не будзе".

У каментары "Нашай Ніве" Думбадзэ паведаміў, што апошнія два дні актыўна прымае ўдзел у дабрачынных акцыях і наведвае медустановы. "Я рэальна ўбачыў, што гэтая праблема не жартоўная. Я пагаварыў шмат з кім з дактароў, бачу рэальны стан. І самае першае, чым мы можа павысіць уласную бяспеку, — гэта сродкі перасцярогі, і маска — гэта самая маленькая дэталь", — заявіў дэпутат.

Па словах Думбадзэ, ён заклікаў міністра Караніка да больш жорсткіх мераў па барацьбе з каранавірусам. У прыватнасці, прапанаваў часова зачыніць нерэнтабельныя прадпрыемствы. Былі ў дэпутата і іншыя прапановы. "Можа, мы ўжо нарэшце не будзем саромецца і скажам, каб школьнікі і студэнты сядзелі дома? На гэта мне міністр адказвае, што такі эксперымент правялі ў БНТУ, а ў выніку ўсе студэнты сабраліся разам у інтэрнаце. Але што замінае вам зрабіць больш жорсткія меры? Калі знаходзіўся не на сваім месцы, то — аж да адлічэння з універсітэта. Гэта жорсткая мера, але, упэўнены, народ бы зразумеў. Калі гэта пагроза для майго здароўя і здароўя маіх блізкіх, то я гатовы на такія меры", — заявіў Думбадзэ.

Дэпутат патлумачыў, што на пасяджэнне прыйшоў пасля наведвання медустановы. Таму ён палічыў адказным крокам перасцерагчыся: "Дзесьці ёсць гарантыя, што сярод 110 дэпутатаў няма хворых на каранавірус? Не, канечне. У нас жа тэсціруюць не ўсіх, а толькі тых, у каго нібыта ёсць рызыка заразіцца".

Думбадзэ нагадаў, што наперадзе святкаванне Вялікадня, а потым Радаўніца ў праваслаўных. У гэтыя дні будуць масавыя зборы вернікаў — у храмах і на могілках. "Калі мая прысутнасць у царкве ці на могілках пагражае здароўю хаця б аднаго чалавека, то я гатовы сядзець дома", — паабяцаў дэпутат.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі