Даверлівыя адносіны Кіева з Лукашэнкам: ці зможа Украіна прызнаць сваю памылку?

Даверлівыя адносіны Кіева з Лукашэнкам: ці зможа Украіна прызнаць сваю памылку?

Жорсткія і беспрэцэдэнтныя для сучаснай Беларусі рэпрэсіі пачаліся ў 2020 годзе. Гэта не перашкаджала Украіне гандляваць з беларускім рэжымам і ўвогуле мець дыпламатычныя адносіны паміж краінамі. Маўляў, мы, канешне, асуджаем катаванні, але “дваццаць баксаў ёсць дваццаць баксаў”. Да таго ж не адзін год беларускай прапагандай выхоўваўся зацяганы імідж Лукашэнкі-гаспадара, які гатовы прыехаць у суседнюю краіну выключна на трактары міралюбнасці.

А ў 2022 годзе пры падтрымцы беларускага кіраўніка з тэрыторыі Беларусі ва Украіну ўварваліся расійскія войскі. Ці атрымаецца цяпер у афіцыйнага Кіева раз і назаўсёды прызнаць, што Лукашэнка ніколі не быў шчырым суседам і добрым “бацькам”?

— Тое, што зараз адбываецца, што я бачу, — няма вось гэтага прызнання. Мне падаецца, што ўкраінскія ўлады будуць дамаўляцца пры першай жа магчымасці. І будуць гэта тлумачыць нацыянальнымі інтарэсамі, — расказвае ў эфіры Еўрарадыё ІТ-спецыяліст Яўген Барышнікаў, які шмат часу пражыў ва Украіне. — Я не бачыў ва ўкраінскім наратыве, асабліва ўладным, прызнання таго, што “мы памыліліся”, што “нас папярэджвалі”.

Як па мне, дык у 2020 годзе стаўленне беларусаў было агучана і выказана максімальна ясна. Увесь свет гэта пачуў. Еўропа пачула — адтуль і нейкія санкцыі, і дапамога. Чамусьці не пачула адзіная краіна — Украіна. З-за вялікай любові да Беларусі і да “парадачку”, якога ў іх, можа быць, не хапала на той момант.

Нават сёння я [ва Украіне] не бачыў гэтага прызнання: “Давайце прызнаем, што мы пракалоліся. Мы самі выкармілі сабе вось такога пасажыра”. Гэта як бы ты любіш чалавека, а потым аказваецца, што ён гадзёныш. І як гэта прызнаць? Гэта ж значыць прызнаць, што ты памыляўся шмат гадоў.

Адзінае прызнанне, якое я чуў за апошнія некалькі месяцаў, — гэта калі Арастовіч у эфіры Еўрарадыё прызнаў, што няма [ў афіцыйнага Кіева] ніякіх крыўдаў на Ціханоўскую, а ёсць проста нацыянальны інтарэс. Мы, маўляў, гандлявалі таму, што нам гэта было выгадна. Куплялі, па сутнасці, расійскую нафту праз Беларусь, таму што не маглі купляць наўпрост у Расіі.

— Нават пасля 2020 года Украіна гандлявала, — працягвае Яўген Барышнікаў. — Мэр Львова ў 2021 годзе хацеў набыць для горада чарговыя сто МАЗаў. І склаў тэндар так, што ён прама пад гэтыя МАЗы быў заточаны. Тады мясцовая грамадская супольнасць падняла бузу. Маўляў, “што вы робіце? Вы купляеце аўтобусы ў Беларусі, а ў ёй людзей саджаюць тысячамі”. У выніку гэтая здзелка не адбылася. І цяпер гэты мэр Львова пасля таго, як ляцелі ракеты з Беларусі, піша “Беларусы, што вы там робіце? Вы афігелі? Мы вам так верылі!”.

Стаўленне [ўкраінцаў да Беларусі і беларусаў] памянялася. Яны любілі Беларусь і Аляксандра Рыгоравіча асабіста, і зараз для іх гэта расчараванне. Для іх гэта найбольшы боль. Таму што як бы з “расіякамі” ўсё ясна. Як мінімум з 2014 года ўкраінцы разумеюць, што можна чакаць такіх выбрыкаў. А вось ад беларусаў для іх гэта было вялікай нечаканасцю, здрадай, нажом у спіну. Таму што яны лічылі Беларусь максімальна блізкай і сімпатычнай для сябе. Ты любіш чалавека — а ён табе вось такое.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі