"Дата генератар": Міхаіл Глінскі (1470–1534)

"Дата генератар": Міхаіл Глінскі (1470–1534)

Першыя 28 гадоў жыцця

Род князёў Глінскіх паходзіў ад палавецкага князя Алексы (або Лексы) Мамая, які ў 1399 годзе выратаваў вялікага князя Вітаўта пасля паразы ў бітве на рацэ Ворскле. Вітаўт падарыў яму за гэта сяло Глінск разам з воласцю. Адсюль прозвішча – Глінскія (сённяшні Глінск знаходзіцца ў Роменскім раёне Сумской вобласці Украіны, на правым беразе ракі Сула).

Міхаіл Глінскі выхоўваўся ў Нямеччыне. Ён шмат падарожнічаў па Італіі (і прыняў там каталіцтва) і па Гішпаніі, быў шырока адукаваны, ведаў некалькі моў. Ён служыў у войску Максімільяна I Габсбурга, імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі, прымаў актыўны ўдзел у яго Італьянскіх войнах, што пачаліся ў 1494 годе. Добра авалодаў вайсковай справай. Адвагай і ваенным талентам заслужыў асаблівую прыхільнасць імператара, які надаў яму тытул князя Свяшчэннай Рымскай імперыі.

Узвышэнне ў Літве

Вярнуўшыся ў Літву у 1498 годзе, Міхаіл пасябраваў з вялікім князем Аляксандрам Казіміравічам, старэйшым за яго на 9 ці 10 гадоў. У 1499-м ён стаў маршалкам дворным. Калі Аляксандра ў 1501 годзе абралі каралём Польшчы, Глінскі фактычна ператварыўся ў намесніка вялікага князя ў ВКЛ, хоць афіцыйна такой пасады не было.

Акрамя таго, ён быў магнатам: валодаў абшарамі на Палессі і горадам Туравам. Вялікі князь Аляксандр даў яму Райгорад і Гонязь на Падляшшы, Мажэйкаў на Лідчыне.

Глінскі дамогся выдатнага становішча ў Літве выключна праз свае здольнасці, але яго імклівае ўзвышэнне выклікала востры канфлікт паміж ім ды некаторымі сябрамі Рады, перш за ўсё з Радзівіламі, Кезгайламі і асабліва з ваяводам гарадзенскім і ваўкавыскім Янам Забярэзінскім (з 1506 года той быў лютым ворагам Глінскага).

Клецкая бітва

У жніўні 1506 года князь Міхаіл разбіў крымскіх татараў у бітве пад Клецкам. Татарскую арду прывялі Біці і Бурнаш, сыны хана Менглі-Гірэя, было іх не менш за 8 тысяч. Яны ўварваліся ў Літву праз брады на Прыпяці ў ліпені, дайшлі да Клецка і, стаўшы лагерам на беразе ракі Лань, накіравалі загоны ў розныя кірункі — рабаваць паселішчы, хапаць людзей для згону ў Крым.

Кароль Аляксандр цяжка хварэў. Даведаўшыся пра ўварванне, ён даручыў камандаванне гетману Станіславу Кішку і маршалку дворнаму Глінскаму. Яны сабралі пад Наваградкам паспалітае рушэнне з 6 ці 7 тысяч вершнікаў. 4 жніўня, калі выведка паведаміла, што галоўны татарскі лагер знаходзіцца поруч з Клецкам, выступіла туды.

Па дарозе раптам цяжка захварэў Кішка, і тады камандаванне ён перадаў Глінскаму. Раніцай 5 жніўня ліцвінскае войска падышло да Клецка і спыніліся на беразе Лані. На процілеглым беразе іх чакала татарскае войска. Некалькі гадзін ішла перастрэлка з лукаў і арбалетаў. За гэты час па загадзе Глінскага былі пабудаваны дзве гаці, па якіх вершнікі пачалі пераходзіць на іншы бок ракі. Па правай гаці яны пераходзілі хутчэй, таму татары атакавалі правае крыло, прычыніўшы яму вялікія страты. Тады Глінскі паскорыў пераправу левага крыла і моцным ударам разрэзаў татарскае войска на дзве часткі. Услед за гэтым пайшло ў наступ і правае крыло.

Значная частка татараў трапіла ў атачэнне і загінула, астатнія кінуліся наўцёкі. Вершнікі Глінскага пераследавалі іх ажно да Слуцка, Петрыкава і брадоў на Прыпяці.

У татарскім лагеры ліцвіны вызвалілі шмат палонных (пішуць, быццам 40 тысяч, на самай справе іх было ў 3-4 разы менш), захапілі каля 20 тысяч коней. 

Помста Забярэзінскаму

Кароль Аляксандр сканаў праз тры дні пасля перамогі, паспеўшы даведацца пра яе. А Забярэзінскі і ягоныя паплечнікі спужаліся, што цяпер князь Міхаіл — пераможца татараў — возьме ўладу ў Літве ў свае рукі. І яны пачалі распаўсюджваць плёткі з гэтай хлуснёй. Аднак Глінскі прысягнуў на вернасць новаму каралю і вялікаму князю, 40-гадоваму Жыгімонту I Казіміравічу, малодшаму брату Аляксандра.

Тады Забярэзінскі абгаварыў князя Міхаіла і яго брата Івана: быццам яны ў гутарках “абражаюць вялікага князя”. Паверыўшы паклёпу, Жыгімонт пазбавіў Івана ваяводства ў Кіеве, даўшы замест яго Наваградак, а Міхаіла выдаліў са сваёй світы.

Міхаіл, як чалавек, выхаваны ў Еўропе, патрабаваў разгледзець ягоную справу ў судовым парадку. Аднак Жыгімонт не хацеў таго рабіць. Тады Міхаіл паехаў “па праўду” да Уладзіслава, роднага брата Жыгімонта, які быў каралем Чэхіі (з 1471-га) і Вугоршчыны (з 1490-га), але і той не захацеў уступіцца. Князь Міхаіл, вярнуўшыся ў Вільню, сказаў каралю: “Ты прымушаеш мяне паквапіцца на такую справу, пра якую мы абодва пасля горка шкадаваць будзем!”  

У канцы снежня 1507 года ён з сямю сотнямі вершнікаў свайго прыватнага войска ўначы ўварваўся ў загарадны маёнтак Забярэзінскага пад Гародняй. Нейкі татарын-мусульманін з ліку ваяроў Глінскага забіў 67-гадовага ваяводу. Яго галаву насадзілі на дзіду і неслі некалькі дзясяткаў вёрстаў, каб усе бачылі. Потым Глінскі вярнуўся ў Тураў.

Авантура з мецяжом і шлюбам (1508)

Здзейсніўшы гэта злачынства, Глінскі ў значнай меры страціў ранейшы аўтарытэт. Бо шляхта лічыла магнатаў і вышэйшых службоўцаў недатыкальнымі асобамі. Але ён не жадаў мірыцца са стратай таго становішча, якое займаў у Літве пры Аляксандру, і неўзабаве адкрыта выступіў супраць Жыгімонта.

У студзені 1508 года ён сабраў прыблізна дзве тысячы чалавек, з якімі спустошыў Слуцкую і Капыльскую воласці, захапіў гарады Мазыр і Бабруйск. Акрамя таго, ён двойчы браў у аблогу Слуцк. Ён хацеў авалодаць Слуцкам, каб ажаніцца з княгіняй Анастасіяй Слуцкай і такім чынам атрымаць права на Кіеў, якім раней валодаў яе памерлы муж, князь Сімяон Алелькавіч. Аднак штурмы яму не ўдаліся. Гарнізон на чале з княгіняй Анастасіяй адбіў усе прыступы мяцежніка.

Дарэчы, раней Анастасія (каля 1472–1525) і Міхаіл некаторы час былі каханкамі, аднак калі Міхаіл у 1507 годзе заслаў сватоў да княгіні, яна адмовілася браць з ім шлюб. 

Увесну 1508 года да Глінскага з'явіўся амбасадар ад маскоўскага вялікага князя Васіля III. Ён дамовіўся пра сумесныя ваенныя дзеянні (бо пачалася вайна Масквы з Літвой) і ад імя вялікага князя абяцаў даць яму ў валоданне ўсе заваяваныя літоўскія гарады.

Неўзабаве войскі Васіля разгарнулі наступ на Полацак і на Смаленск. А яшчэ адно войска на чале з князем Васілём Шамяцічам ішло, каб дапамагчы Глінскаму. Маскоўскі вялікі князь раіў, каб Глінскі разам з Шамяцічам “добывал ближайшие к себе города, а далеко не ходил, дело делал бы не спеша”, пакуль з Масквы прыйдзе большае войска. Глінскі ж хацеў, каб Шамяціч дапамог яму захапіць Слуцк.

У Глінскага не было ніякага плана вайны. Вось ён і кідаўся з аднаго боку ў іншы.

Але Шамяціч вырашыў інакш і разам з Глінскім рушыў на Менск. Два тыдні ў траўні два хаўруснікі абложвалі Менск і чакалі падыходу маскоўскага войска, а яго ўсё не было. Тым часам пад Лідай сабралася паспалітае рушэнне ВКЛ (11 тысяч чалавек) ды з Польшчы прышлі 5 тысяч. На чале з гетманам Канстанцінам Астрожскім гэтыя 16 тысяч у пачатку чэрвеня пайшлі на Менск. Глінскаму і Шамяцічу прыйшлося пайсці ў Барысаў. Адтуль Глінскі паслаў адчайны заклік Васілю III:

«Велел бы своим воеводам спешить к Менску, иначе братвя и приятели его, Глинского, и все христианство придет в отчаяние, города и волости, занятые с помощью великокняжеской, подвергнутся опасности, и самое благоприятное время будет упущено, ибо ратное дело делается летом».

Але Васіля вабіў Смаленск. Таму ён загадаў Шамяцічу і Глінскаму ісці на злучэнне з ім пад Оршу. Адначасова з імі да Оршы падышоў князь Данііл Шчэня з наўгародскімі палкамі, і ўсе разам яны пачалі аблогу крэпасці. Аднак узяць Оршу не атрымалася.

12 ліпеня 1508 года маскоўскія ваяводы даведаліся, што войскі ВКЛ ідуць да Оршы і яны перайшлі на іншы бераг Дняпра. Астрожскі пераправіўся праз Дняпро і пачаў бой з маскоўцамі, які цягнуўся да ночы і не даў перавагі нікому. Глінскі пераконваў маскоўскіх ваявод пачаць раніцай генеральную бітву, але тыя не пагадзіліся і ўначы адступілі да Дуброўны. Астрожскі ж вярнуўся ў Оршу.

Сутычкі і рэйды з абодвух бакоў працягваліся і ў жніўні. Але Жыгімонт I больш не мог далей весці вайну, а Васіль III не меў жадання ваяваць. Таму 8 кастрычніка была падпісана дамова пра “вечны мір” (г. зн. бестэрміновы) паміж Масковія і Літвой. Па дамове, Жыгімонт прызнаў “вечнае валоданне” Масквой усімі ранейшымі заваёвамі Васіля II ды Івана III.

Аднак 6 воласцяў, занятых маскоўскімі войскамі ў 1507–1508 гг., прыйшлося вярнуць Літве. Сярод гэтых воласцяў былі і валоданні Глінскіх. Па дамове, сваякам і прыхільнікам Глінскага было дазволена ад'ехаць у Маскву. Вось так ён страціў усе маёнткі і землі ў Літве, Васіль III даў яму два гарады — Малы Яраславец і Бароўск, ды некалькі паселішчаў пад Масквой.

Захоп Смаленска і здрада Глінскага (1514)

 “Вечны мір” паміж Масквой і Літвой трымаўся ўсяго 4 гады. Улетку 1512-га Васіль абвінаваціў Жыгімонта ў падбухторванні Менглі-Гірэя супраць Масквы і ў абразе сваёй сястры Алены, удавы Аляксандра (яна памерла 20 студзеня 1513 года).

Але гэта было звычайнай зачэпкай. На самай справе Васіль III хацеў захапіць Смаленск. У лістападзе ён паслаў пад Смаленск войска на чале з князем Іванам Рапнёй-Абаленскім і баярынам Іванам Чалядніным, а сам выступіў да Смаленска 19 снежня. Аднак гарнізон адбіў два штурмы з вялікімі стратамі сярод маскоўцаў. Васіль у сакавіку вярнуўся ў Маскву ні з чым. І ўжо 14 чэрвеня 1513 года ізноў выступіў у паход. Але ліцвіны адважна абараняліся. У лістападзе Васіль ізноў сышоў ні з чым.

У канцы траўня 1514 года Васіль ІІІ трэці раз пайшоў на Смаленск. Аблога пачалася 26 ліпеня. Маскоўцы пабудавалі батарэі на 300 гармат і пачалі бесперапынны абстрэл горада. Пасля трох дзён абстрэлу, 29 ліпеня, Смаленск здаўся.

Ва ўсіх аблогах Смаленска актыўны ўдзел прымаў М. Глінскі. Ён быў упэўнены, што атрымае горад як удзел, бо гэта яму раней абяцаў вялікі князь. Аднак Васіль зусім не збіраўся аддаваць найважнейшую крэпасць ненадзейнаму чалавеку.

Глінскі моцна пакрыўдзіўся і ўступіў у патаемныя перамовы з каралём Жыгімонтам. Той узрадаваўся, даслаў князю ахоўную грамату. Глінскі вырашыў уцячы ў Оршу, але адзін з яго пахолкаў з'явіўся да князя Міхаіла Голіцы, даклаў пра ўцёкі свайго гаспадара і паказаў дарогу. Голіца паскакаў наўздагон і схапіў Глінскага. Потым ён павёз здрадніка ў Дарагабуж, дзе знаходзіўся Васіль III. Каралеўская ахоўная грамата стала моцным доказам здрады.

Пакаралі б князя смерцю, ды ён у грахах павініўся, а галоўнае, імгнена “прыняў сапраўдную веру”, іншымі словамі, перайшоў у праваслаўе. У выніку жыццё яму захавалі, але кінулі ў турму, дзе ён адбыў ажно 12 гадоў!

Характарызуючы яго асобу, гісторык Аляксандр Нечвалодаў справядліва адзначыў:

“Необузданным властолюбием обладал Михаил Глинский, правивший почти единолично целой Литвой при короле Александре и затем дважды изменявший своим государям, сперва Сигизмунду Польскому, а затем и Василию Ивановичу Московскому за то, что те не давали простора его честолюбию”. (“Сказания о русской земле”. Кн. 4).

Канец жыцця (1525–1538)

З турмы яго вызваліў выпадак. У 1525 годзе вялікаму князю маскоўскаму споўнілася 46 гадоў, а дзяцей у яго не было. Тым часам яму спадабалася 13-гадовая прыгажуня, князёўна Алена Васілеўна Глінская (1512–1538). І Васіль III вырашыў развесціся са сваёй жонкай Саламоніяй Сабуравай, з якой быў у шлюбе 20 гадоў. Афіцыйным чыннікам паслужыла бяздзетнасць Саламоніі, хоць вінаваты ў тым хутчэй быў Васіль.

Царква, як правіла, выступала супраць разводаў. Але маскоўскі мітрапаліт Данііл усё зразумеў як трэба. Ён стаў весці размовы пра тое, што бясплодную смакоўніцу варта вывергнуць з саду. Пасля некалькіх месяцаў дэмагогіі 29 лістапада 1525 года няшчасную жанчыну сілком пастрыглі ў манашкі пад імем Сафіі. Потым яе адвезлі ў Суздаль, у жаночы Пакроўскі манастыр.

А Васіль праз два месяцы (21 студзеня 1526-га) ажаніўся з Аленай Глінскай. Баяры не пярэчылі, бо яна ідэальна ім падыходзіла: амаль што дзіця, як і яе малодшыя браты, бацька на могілках, дзядзька ў турме. Усё ж баяры Захар’іны, Шуйскія і Гарбатыя прасілі, каб дагадзіць Алене, выпусціць з турмы дзядзьку Міхаіла.

Васіль адзін год падумаў і ў лютым 1527-га выпусціў Міхаіла. Баяры абавязаліся, што калі ён уцячэ, дык яны заплацяць 5 тысяч рублёў. Васіль даў яму гарады Юр’евец, Старадуб і Рапалоў. У 1530 годзе Міхаіл паспяхова камандаваў войскам у бітве з татарамі пад Казанню.

Але прайшлі два гады пасля вяселля, а ў Алены цяжарнасці ўсё не было. Нарэшце 25 жніўня 1530 года, праз чатыры гады і сем месяцаў пасля вяселля, яна нарадзіла сына Івана (будучага Грознага). З'яўленне спадчынніка Васіль сустрэў з велізарнай радасцю. Магчыма, дапамаглі малітвы манахаў. Аднак у сучаснікаў на гэты конт было іншае меркаванне. Пайшлі гутаркі пра тое, што прыгожы ваявода Іван Аўчына-Целяпнёў-Абаленскі (каля 1590–1539) — каханак Алены і сапраўдны бацька немаўляці.

Уночы з 3 на 4 снежня 1533 года Васіль III памёр ад заражэння крыві. Не прайшло і 40 дзён пасля яго скону, як у 20-гадовай вялікай княгіні з'явіўся фаварыт — Іван Аўчына. На пачатку студзеня 1534 года па ўказе Алены ён стаў баярынам.

Узвышэнне Аўчыны моцна засмуціла яе дзядзьку Міхаіла Глінскага, якога Васіль III прызначыў галоўным апекуном пры маленькім Іване. Глінскі спадзяваўся гадоў з 15 кіраваць Масковіяй ад яго імя. Раз’юшаны князь выказаў пляменніцы незадаволенасць сувяззю з Абаленскім. У адказ яго звінавацілі ў спробе авалодаць дзяржаўнай уладай (!) і па загадзе Алены ў жніўні 1534 года схапілі, выкалалі вочы, закулі ў ланцугі і кінулі ў тую самую вязніцу, дзе ён знаходзіўся ў 1514–1527 гг. 24 верасня князь памёр ад голаду, бо па загадзе пляменніцы яго не кармілі.

Гэтым выпускам «Дата генератар» пісьменнік Анатоль Тарас пачынае новы цыкл праграм, прысвечаны неардынарным айчынным героям «Нашы авантурнiкi».

Слова “авантурнік” (ад французскага “aventure” — прыгода, рызыкоўны ўчынак) абазначае чалавека, які:

1) імкнецца да дзеянняў, якія ён робіць без цвярозага ўліку рэальных умоў і наступстваў сваіх учынкаў;

2) які заўсёды больш спадзяецца на шчаслівы выпадак, на тое, што яму абавязкова пашанцуе, чым на добра распрацаваны план дзеянняў.

У межах цыкла штомесяц будзе выходзіць спецыяльны выпуск прысвечаны выбітнай і неардынарнай гістарычнай асобе. У наступных выпусках:

Ілжэдзмітрый II (каля 1575–1610)  
Багуслаў Радзівіл (1620–1669)  
Ян Казімір Сапега (каля 1670–1730) 
Саламея Русецкая-Пільштынава (1718 — пасля 1760) 
Сямён Зорыч (1744–1799) 
Міхаіл Валіцкі (1746–1828) 
Ігнат Хацкевіч (1760 — каля 1825)  
Станіслаў Булак-Балаховіч (1883–1940)   
Паўлюк Шукайла (1904–1939)  
Сяргей Пясецкі (1901–1964) 
Барыс Скосыраў (1896–1989)   

Да сустрэчы!

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі