Вы тут

Дастына Хофмана абвінавацілі ў сэксуальных дамаганнях 30-гадовай даўніны

Справа — Ганна Грэм Хантар у 1985 годзе. Фота: www.hollywoodreporter.com.

Штодня абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях гучаць у адрас усё новых знакамітасцяў. Пачалося ўсё месяц таму з прадзэсара Харві Вайнштэйна, працягнулася акцёрам Кевінам Спэйсі. А цяпер гэта дык увогуле новы трэнд: 2 лістапада пісьменніца і блогерка Ганна Грэм Хантар абвінаваціла ў непрыстойных паводзінах 80-гадовага акцёра Дастына Хофмана.

Ганна Грэм Хантэр заявіла, што зорка фільма "Чалавек дажджу" чапляўся да яе ў 1985 годзе, калі ёй было 17 гадоў. У той час яна праходзіла практыку, працуючы асістэнтам на здымачнай пляцоўцы тэлефільма "Смерць каміваяжора".

"У першы мой дзень на здымках Хофман папрасіў мяне памасіраваць яму ногі. Я пагадзілася. Ён у адкрытую фліртаваў са мной, хапаў мяне за азадак, казаў пра сэкс", — заявіла блогер. Хантэр таксама сказала, што спярша ёй падабалася павышаная ўвага акцёра, але пасля гэта стала даводзіць яе да слёз.

Дастын Хофман. Фота: www.nme.com

Сам Дастын Хофман адрэагаваў на абвінавачванні ў калонцы Хантэр прабачэннямі: "Я з вялікай павагай стаўлюся да жанчын і жудасна шкадую, што нейкімі сваімі дзеяннямі мог выклікаць у яе пачуццё дыскамфорту. Мне сорамна. Я не такі чалавек". 

Дастыну Хофману цяпер 80 гадоў. За сваю кар'еру ён атрымаў шэсць "Залатых глобусаў" і два "Оскары": за фільмы "Крамер супраць Крамера" і "Чалавек дажджу".