Даследаванне: ДзяржСМІ аддавалі Лукашэнку 61% часу, іншым кандыдатам — па 5%

Даследаванне: ДзяржСМІ аддавалі Лукашэнку 61% часу, іншым кандыдатам — па 5%

Эксперты Беларускай асацыяцыі журналістаў з 17 жніўня па 22 кастрычніка адсочвалі эфіры галоўных навінных праграм дзяржаўных тэлеканалаў а таксама чыталі вядучыя дзяржаўныя і незалежныя газеты, праглядалі сайты belta.by і naviny.by.

У высновах маніторынгу гаворыцца, што сёлета кампанія адрознівалася ад папярэдняй. У першую чаргу — апатычнасцю:

“Параўнальна з папярэднімі выбарамі, гэтая кампанія была надзвычай “ціхай”, што стала магчымым праз адсутнасць рэальнай канкурэнтнай барацьбы, публічнага абмеркавання сур’ёзных эканамічных праблем, праз маргіналізацыю апанентаў рэжыму, а таксама цэнзураванне хоць якіх крытычных выказванняў на адрас дзеючага кіраўніка краіны з боку выбаршчыкаў у дзяржаўных медыя. Да таго ж, гэтыя медыя разгарнулі шэраг праектаў, якія рэпрэзентавалі дваццацігадовую гісторыю суверэннай Беларусі і сённяшнюю сітуацыю ў краіне, як гісторыю поспехаў і здзяйсненняў”.

 

Кіраўнік праекта па маніторынгу асвятлення выбараў у СМІ Алесь Анціпенка таксама расказаў, што дзяржаўныя медыя ці не ўпершыню дазвалялі сабе ў пазітыўным ключы адгукацца пра кандыдата ад апазіцыі Таццяну Караткевіч (цытуючы выказванні пра яе з боку кіраўніцтва ЦВК і Аляксандра Лукашэнкі), а таксама пра дзейнасць назіральнай місіі АБСЕ. “Гэта можна патлумачыць тым, што ўлады хацелі прадэманстраваць атмасферу бесканфліктнасці”, — мяркуе Анціпенка.

Агулам у маніторынгу гаворыцца, што дзеючы кіраўнік краіны Аляксандр Лукашэнка быў найбольш заўважнай публічнай фігурай падчас кампаніі. Прагарама ”Панарама” на тэлеканале “Беларусь 1” адвяла яго асобе 61% эфірнага часу параўнальна з іншымі дзеючымі асобамі (у іх лік уваходзілі як іншыя кандыдаты, так і члены ЦВК, апазіцыя, назіральнікі — усяго 52 пазіцыі). Іншыя кандыдаты мелі каля 5% увагі. Напрыклад, выніковая інфармацыйная праграма канала АНТ “Нашы навіны” размеркавала сваю ўвагу паміж канкурэнтамі Лукашэнкі такім чынам — Караткевіч 5,2% інфармацыйнай прасторы, Гайдукевіч — 5,4%, Улаховіч — 5,1%.

 

Зусім іншая карціна ў недзяржаўных СМІ. Напрыклад, сайт naviny.by прысвяціў Караткевіч 13% плошчы, Улаховічу — амаль 10%, а Гайдукевічу з Лукашэнкам — па 5,5% і 5,4% адпаведна. У маніторынгу БАЖ таксама гаворыцца, што недзяржаўныя СМІ “не маглі паўплываць на характар выбарчай кампаніі ў краіне па прычыне абмежаваных накладаў і атмасферы прадвызначанасці вынікаў выбараў”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі