Дарафеева зробіць прышчэпкі, каб праспяваць Уга Чавесу

Як стала вядома Еўрарадыё, з-за паездкі з канцэртамі ў Венесуэлу Ірына Дарафеева не зможа “судзіць” удзельнікаў адборачнага тура конкурсу “Еўрабачання”. Праўда, невядома, ці пусцяць яе ў Лацінскую Амерыку – спявачка да гэтага часу не зрабіла прышчэпкі супраць жоўтай ліхаманкі. У хуткім часе ў Венесуэле пачне працу Нацыянальная беларуская выстава. Паехаць у Каракас збіраецца каля 300 чалавек. Побач з міністрамі, кіраўнікамі прадпрыемстваў, навукоўцамі і журналістамі афіцыйных СМІ Беларусь будзе прадстаўляць Ірына Дарафеева са сваім тэатрам. Спявачка пацвердзіла, што пачала ўжо збірацца ў Лацінскую Амерыку. Нават песні на іспанскай мове пачала вучыць.

Ірына Дарафеева: “Не толькі я – вялікая дэлегацыя едзе ў Венесуэлу. Едзе ўвесь мой калектыў. Я нават песні на іспанскай мове вучу”.

Паездка ў Венесуэлу супала па тэрмінах з правядзеннем першага тура адборачнага конкурсу перад “Еўрабачаннем”. Таму перад Ірынай Дарафеевай, якая з’яўляецца сябрам журы “Еўрафэста”, паўстала пытанне выбару – судзіць канкурсантаў на “Еўрабачанне” альбо ехаць у Венесуэлу. Спявачка выбрала апошняе.

Ірына Дарафеева:
“Я напісала афіцыйны ліст на БТ, што ў сувязі з паездкай не змагу ўдзельнічаць у першым адборачным туры. І папрасіла, каб мне ўсе фанаграмы выслалі. Я змагу іх праслухаць і адзначыць тыя кампазіцыі, якія мне патрэбны”.

Аднак перад тым, як адправіцца ў госці да Уга Чавеса, абавязкова трэба зрабіць некалькі прышчэпак. Самая распаўсюджаная вірусная хвароба ў Лацінскай Амерыцы – жоўтая ліхаманка. Прышчапіцца можна толькі ў 19-й мінскай паліклініцы, прычым бясплатна.

Ірына Дарафеева прызналася Еўрарадыё, што ўсе ўдзельнікі яе калектыву прышчэпкі сабе зрабілі. Акрамя самой спявачкі. Кажа, ні ўколаў, ні прышчэпак яна не баіцца. Проста часу не хапіла.

Ірына Дарафеева: “Усе музыканты прышчэпку зрабілі. І я, можа, зраблю, калі паспею”.

Але як расказалі Еўрарадыё ў медыцынскім цэнтры “ЛОДЭ”, для вандроўкі ў Венесуэлу неабходна зрабіць яшчэ прышчэпкі ад двух відаў гепатыту – А і В, прычым за паўтара года. Як збіраецца паспець усё зрабіць зорка беларускай эстрады – не зразумела. Але дзеля ўмацавання сяброўскіх адносінаў паміж венесуэльскім і беларускім народамі спявачка згодная рызыкнуць сваім здароўем. Тым больш, што яна ўпэўнена – яе песні абавязкова дапамогуць гэтаму ўмацаванню.

Ірына Дарафеева: “Канешне, дапаможа. Мы, прынамсі, зробім усё, што ў нашых сілах!”

Спявачка абяцае, што будзе спяваць “на жывую”. І верыць, што і без ведання беларускай альбо расейскай мовы венесуэльцы добра зразумеюць усе яе песні.

Ірына Дарафеева: “У маім рэпертуары так шмат песень! На розных мовах. Так што венесуэльскай публіцы хопіць. А ўвогуле, у беларусаў ёсць добрая традыцыя спяваць сэрцам. Гэта музыка гучыць на ўсіх мовах і заўжды зразумела, пра што песня. Вы не турбуйцеся – мы не падвядзем сваю краіну”.

Пра тое, што Ірына Дарафеева “не падвядзе”, наўрад ці хто сумняецца. Іншае справа – у колькі абыйдзецца такі ваяж краіне. Да Каракаса можна толькі даляцець. Да таго ж, і не адным самалётам. Кампанія “Белавія” прапануе вылет з Мінску, з дзвюма перасадкамі ў Еўропе. Кошт пералёту ў абодва бакі – 1058 долараў. Пералёт з Масквы праз Франкфурт каштуе 1629 долараў. Памножце на 300 удзельнікаў дэлегацыі. Толькі пералёт абыйдзецца прыблізна ў 500 тысяч долараў. Колькі атрымаецца, калі сюды дадаць камандзіровачныя, аплату гатэля і гэтак далей, сказаць цяжка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі