Daily Mail: Унук Сталіна раскрытыкаваў Пуціна за агрэсію супраць Украіны

Унук Іосіфа Сталіна раскрытыкаваў палітыку кіраўніка Расіі Уладзіміра Пуціна, асудзіў вайну супраць Украіны і анэксію Крыма. Як піша Daily Mail, у інтэрв'ю гэтаму брытанскаму выданню Яўген Джугашвілі назваў паводзіны Пуціна “бязмозглымі”, а палітычную эліту ў Крамлі — “злодзеямі”, якія дураць расіян.

"Што ён робіць? Якія мэты ён паставіў? Узяў і пасварыў нас з роднай нацыяй, з Украінай. Што за лідары зараз у нас? У нас няма разумных кіраўнікоў, адныя злодзеі”, — кажа Яўген Джугашвілі.  

Джугашвілі перакананы, што вяртаць Крымскі паўвостраў трэба было не сілай, а юрыдычна. У прыватнасці, ён рэкамендуе разабрацца, ці правамерна зрабіў Мікіта Хрушчоў, перадаўшы УССР Крым і на якіх умовах гэта было зроблена.

Таксама Яўген Джугашвілі дадаў, што ў Расіі няма ніякіх правоў шантажыраваць Украіну коштамі на газ, бо украінцы, беларусы і іншыя народы былога СССР маюць права на расійскія рэсурсы таксама.

"У час Другой сусветнай вайны рускія, украінцы, беларусы і іншыя нацыі разам змагаліся супраць нацызму ў складзе Чырвонай арміі, абараняючы сваю краіну і яе рэсурсы. Мы аддзяліліся адзін ад аднаго, калі СССР распаўся. Але чаму б не прадаваць Украіне гэтыя рэсурсы па больш нізкай цане Продкі украінцаў абаранялі гэтыя рэсурсы. Чаму зараз мы патрабуем ад іх больш высокую цану, чым ад Нямеччыны? Хіба гэта справядліва? Гэта ўсё таму, што злодзеі прыбралі да рук ўладу, а не разумныя людзі", — лічыць ўнук Сталіна.

На яго думку, Пуцін дурыць расіян. "Мы бачылі Пуціна на лыжах, потым у субмарыне, а затым без кашулі. Гэта дэманструе толькі бязмозгасць, вось і ўсё. Яны хочуць выклікаць спачуванне ў людзей і пабудаваць падтрымку на гэтым жалю, каб людзі крычалі: "Мы не аддамо нашага Пуціна", — сказаў Джугашвілі ў інтэрв'ю Daily Mail.

Фота: dailymail.co.uk

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі