ДАІ палюе на раварыстаў — 700 штрафаў у месяц

Пры гэтым і ДАІ, і раварысты спасылаюцца на адны і тыя ж правілы, даводзячы сваю рацыю.
На Гродзеншчыне распачата паляванне на раварыстаў: штрафуюць усіх, хто рухаецца па праезджай частцы, — выпісаныя сотні штрафаў за апошні месяц.


ДАІ не хавае, што “паляпшае вынікі”. Кажа супрацоўнік гродзенскага УДАІ Павел Корабаў:

“Папросту была актывізаваная праца. І за месяц больш за 700 парушэнняў было выяўлена — менавіта з раварыстамі. На працягу двух тыдняў, па-мойму, адбылася серыя дарожна-транспартных здарэнняў з удзелам і па віне менавіта раварыстаў. Зрабілі больш жорсткай адміністрацыйную практыку, таму вынікі палепшалі”.

Удзельнік гродзенскага руху раварыстаў “Крытычная маса” Алесь Дзянісаў не зразумее, у чым ягоныя сябры парушаюць правілы.

Алесь Дзянісаў: “Колькі гадоў раварысты ездзілі па вуліцах, і тут менавіта яны ўзяліся”.

Еўрарадыё прапанавала намесніку начальніка Гродзенскай абласной аўтаінспекцыі Аляксандру Лянцу патлумачыць: дзе ўласна парушэнне закону? Той працытаваў правілы:

“Рух на ровары павінен ажыццяўляцца па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па ўзбочыне, ходніках ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкодаў для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці пералічаных элементаў дарогі ці немагчымасці руху па іх дазваляецца рух па праезджай частцы дарогі ў адзін шэраг не далей за 1 метр ад яе правага краю”.

Гарадзенец Ігар Лапеха быў аштрафаваны месяц таму. Ён даказвае, што правілы дазваляюць яму выбіраць месца руху. У тым ліку і па дарозе.

Ігар Лапеха: “Аштрафаваў за праезд па дарозе пры наяўнасці побач тратуара. То бок, я не павінен быў ехаць па дарозе, я павінен быў праз кожныя 15 метраў схадзіць з ровара і пераносіць яго праз бардзюры па тратуары. Я запатрабаваў, каб на мяне склалі пратакол, абскардзіў яго ў вышэйшай інстанцыі, цяпер буду падаваць у суд”.

Ігар — адзіны, хто абскардзіў дзеянні аўтаінспектараў у Гродне. На яго думку, астатнія пагадзіліся, бо штраф маленькі — ад 3 да 17,5 тысяч рублёў:

Ігар Лапеха: “Не хочуць звязвацца, таму што штрафы не такія вялікія. Але ўсе гэтыя штрафы, якія былі прысуджаныя, фактычна незаконныя!”

На думку намесніка начальніка Гродзенскай абласной аўтаінспекцыі, Ігар Лапеха мусіў рухацца менавіта па ходніках, не выязджаючы на праезджую частку.

Аляксандр Лянец
: “Калі ёсць тратуар, то раварыст павінен ехаць па тратуары. Па ўзбочыне магчыма, але ў горадзе звычайна няма ўзбочын — у горадзе звычайна тратуары. Таму тое, што раварысты рухаюцца па дарозе, то яны парушаюць менавіта гэты пункт правілаў”.

Разысціся мірна на адной дарозе ў інспектараў і раварыстаў пакуль што не атрымліваецца. Пры гэтым і першыя, і другія — за пабудову ў горадзе веласіпедных дарожак, якіх дагэтуль няма. А ёсць правілы, якія кожны разумее на ўласны капыл.

Фота: photo.bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі