"ДахаБраха": Фолк — гэта не сучаснасць. Гэта прыемны ўспамін

З музыкам мы звязаліся па тэлефоне. Гаворым пра актуальнасць world-music, новыя трэнды ў еўрапейскай музыцы, супрацу з Port Mone, новы альбом гурта і варыянты захавання музычнай спадчыны.


"... публіка "Металікі" ідзе на Рыяну, а публіка Рыяны — на "ДахуБраху"


Еўрарадыё: "ДахаБраха" — жаданыя госці шматлікіх еўрапейскіх фэстаў. Па афішы бачна, што гэта і этна-фэсты, і змешаныя фэсты.  Напрыклад, сёлета вы выступілі на знакамітых Roskilde Festival ды Sziget. Як адчуваеце сябе ў кампаніі "Металікі", Рыяны ды іншых зорак, што выступаюць на гэтых форумах?


Марко Галаневіч: Калі гаварыць пра Roskilde — гэта вельмі велічэзны фестываль. Там сапраўды дзіўны набор выканаўцаў: І Metallica, і Рыяна, і "ДахаБраха", і Sliptknot. Але, з іншага боку, арганізатараў падобных фэстаў таксама можна зразумець. Яны проста пашырылі дыяпазон сваёй публікі. І някепска, што публіка "Металікі" ідзе на Рыяну, а публіка Рыяны — на "ДахуБраху".


Напрыклад, паралельна з намі выступаў Dead Can Dance — класіка world-music. Мы і самі хацелі патрапіць на іх канцэрт, і былі ўпэўненыя, што асноўная маса людзей пойдзе да іх. Але, высвятляецца, што і ў іх было "забіта", і ў нас публікі быў максімум, які толькі магчымы на той сцэне — каля дзвюх тысяч чалавек.


Еўрарадыё: Па вашых назіраннях, куды каціцца музыка ў Еўропе?


Марко Галаневіч: Магчыма, адна з асаблівасцяў у тым, што яна вельмі розная, гэтая музыка. І адна ідзе ў адзін бок, а іншая — зусім у іншы. Справа ў тым, што музыка ў Еўропе шматгранная і разнастайная. Яна пастаянна развіваецца, яна не стаіць на месцы. Ёсць шэраг электронных напрамкаў, якія нараджаюцца ледзь не штомесяц. Ёсць слупы музычнай індустрыі. Ёсць рок-музыка, world-music, якія таксама не збаўляюць абароты.


Шмат хто мне кажа, што ў Еўропе ўжо мінуў пік папулярнасці world-music. Але "ДахаБраха" ніколі гэтага не адчувала. Таму што world-music-фэсты па-ранейшаму збіраюць і па 50 тысяч гледачоў. Нават не зважаючы на крыўду, якая нібыта прысутнічае ў Еўропе, фестывальны рух жыве, развіваецца, як і новыя напрамкі ў музыцы.


 "... мы не ставім перад сабой асаблівых кардонаў"


Еўрарадыё: А куды каціцца музыка "ДахіБрахі"? Напрыклад, на тым жа "Роскілдзе" вас называлі "трансам" і нават "чорным джазам"... Як вы бачыце сябе ў сучасным музычным кантэксце?


Марко Галаневіч: Мы разумеем, што рухаемся ў сусветным рэчышчы world-music. Але мы назваліся "этна-хаосам". Яднанне этнічных, розных, магчыма, хаатычных часцінак — ёсць першааснова свету і наша мадэль музыкі. Адзін з нашых асноўных крытэраў — гэта тое, што мы не ставім перад сабой асаблівых кардонаў, прынамсі, калі гаворка ідзе пра стылістыку. Мы спрабуем эксперыментаваць у розных накірунках, з рознымі музыкамі. І нам здаецца, што гэтыя эксперыменты вельмі цікавыя і нам, і публіцы.


Калі гаварыць пра аўтэнтыку, то мы ўсё ж не граем аўтэнтычную музыку, а эксперыментуем з ёй. Гэта, хутчэй, і ёсць сучасны фальклор. Скажам, актуальны фальклор. Гады тры таму мы атрымалі ўзнагароду Сяргея Курохіна за ўнёсак у сучаснае актуальнае мастацтва. І вельмі цешыць, што сваёй творчасцю нейкім чынам мы нібыта паднеслі фальклорную музыку да рангу сучаснага і актуальнага.


Праўда, мы не з'яўляемся фарматам у нашай краіне. Вакол пануе звычайная поп-музыка, якая ёсць універсальнай і аднолькавай у кожнай краіне. Найлепей зрэз стану такой музыкі можна пабачыць на фестывалі "Еўрабачанне", дзе выступаюць спевакі і спявачкі з розных краін,  аднак зразумець, з якіх яны краін, практычна немагчыма, пакуль іх не аб'явяць. Яны спяваюць аднолькава, яны выглядаюць амаль аднолькава, яны арыентуюцца на адны ідэалы. І атрымліваюць прадукт амаль аднолькавы.


На маю думку, музыка, якая базуецца на этнічных матывах, больш цікавая свету. Таму што кожны народ — унікальны, таму што кожны народ нясе сваю шматвекавую асаблівасць. І таму фолк-музыка, world-music значна цікавейшыя за поп-музыку — аднолькавую ва ўсім свеце. Але, разам з тым, мы разумеем, што шлях, які мы абралі, больш складаны і цярністы. Нам, уласна, складаней дастукацца да слухачоў і гледачоў, чым поп-музыкам.


Пра "Камяніцу", Port Mone і беларускія інтанацыі


Еўрарадыё: Дагэтуль вы прыязджалі ў Беларусь у дуэце з Port Mone. На "Камяніцу" вы везяце сольную праграму. З якім наборам інструментаў вы да нас выбіраецеся?


Марко Галаневіч: Едзем з наборам, з якім вандруем на ўсім свеце. Ён больш-менш універсальны. Мы не вязем усе нашы інструменты, якія захоўваюцца ў Кіеве, бо іх вельмі багата. А пераезды і пералёты не надта добра ўплываюць на некаторыя з іх. Але аптымальны склад інструментаў і музыкаў Мінск пабачыць.


Еўрарадыё: А што будзеце выконваць?


Марко Галаневіч: Гэта будзе "зэ бэст"! (смяецца)


Еўрарадыё: Вы граеце этна-хаос, у музыцы якога можна знайсці інтанацыі розных народаў. Ці стала ў вашай творчасці больш беларускіх інтанацый пасля супрацоўніцтва з Port Mone?


Марко Галаневіч: Калі гаварыць пра этнічную беларускую музыку, то наўрад ці яе стала больш пасля супрацы з Port Mone. Бо Port Mone цяжка назваць фолк-музыкантамі. Аднак успрыняцце музыкі, яе разуменне, адчуванне ў нас змянілася пасля працы з беларусамі. Мы думаем, што іх музычныя ўяўленні таксама змяніліся пасля стасункаў з намі. Мне здаецца, што мы моцна паўплывалі і ўзбагацілі адзін аднаго. Такая супраца — гэта да таго ж і велічэзны жыццёвы і творчы досвед. Часам цяпер робім нешта новае і кажам, што гэта да нас прыйшло ад Port Mone (смяецца). Мы пастаянна згадваем гэтую працу. Port Mone знаходзяцца ў нас у пастаянным дыскурсе.


Еўрарадыё: Ваш сумесны з Port Mone альбом "Хмелево project" стаў лепшым паводле адзнак замежных экспертаў на беларускай прэміі Experty.by. Ці будзе працяг калабарацыі з беларусамі?


Марко Галаневіч: Нам было вельмі прыемна, што ў Беларусі гэты альбом так высока адзначылі. Таму што гэта была сапраўды значная частка нашага жыцця. І багата словаў і творчых высілкаў мы ўклалі ў гэтую справу. Мы бачылі фота з уручэння, дзе Port Mone стаяць з такімі прыгожымі ўзнагародамі, і зайздросцілі ім ціхенька. Паглядзім. Зараз мы з "ДахаБраха" збіраемся сіламі запісаць свой асабісты, новы альбом. Мы ніяк не можам прыступіць да працы з-за вельмі насычанага гастрольнага і жыццёвага графіка. Але не выключаем, што аднойчы яшчэ што-небудзь зробім з Port Mone.


з'ездзім у ЗША і засядзем за альбом


Еўрарадыё: Дарэчы, сапраўды, як вы паспяваеце пісаць новы матэрыял у "вечнай" дарозе? Ці назбіралі ўжо песень на новы альбом?


Марко Галаневіч: У нас ёсць ужо некалькі кампазіцый. Але гэта тыя, што мы рабілі яшчэ ўвесну. Усё лета мы былі на гастролях. А на гастролях рэпетаваць практычна немагчыма. Мы спадзяемся, што засядзем у студыі нашага тэатра "Дах" у лістападзе. Пасля "Камяніцы" у нас будзе Гогольfest. А пасля яго "ДахаБраха" выпраўляецца ў сваё першае, вялікае турнэ па Злучаных штатах. Тым не менш, мы радыя, што наша музыка цікавая свету і мы маем такі насычаны гастрольны графік.


Пра Гогольfest і Karbido


Еўрарадыё: Два гады таму мы размаўлялі з вамі на "Басовішчы" наконт Гогольfest'а. І тады вы з сумам адзначылі, што, падобна, з фэстам можна развітацца. Аднак сітуацыя нібыта змянілася і вас можна павіншаваць...


Марко Галаневіч: Так (смяецца). Усё адно фестываль цяжка рабіць. Мы маем досвед у яго правядзенні. Аднак дапамога людзей і дзяржавы не павялічваецца. Мы заўжды робім Гогольfest з вялікай крывёй, і пабачым, як будзе ў гэтым годзе.


Еўрарадыё: На Гогольfest вы будзеце выступаць з польскім гуртом Karbido. Што гэта будзе за праект?


Марко Галаневіч: Тэарэтычна і па інтэрнэту мы пакуль накідалі некаторыя моманты працы з палякамі. Але асноўная праца будзе рабіцца ўласна перад "Гогальфэстам" пасля вяртання з "Камяніцы". Там будзе 5 дзён, за якія мы мусім стварыць канцэртную праграму. Karbido — вельмі цікавыя музыкі сусветнага ўзроўню. І спадзяюся, што сумесная праца будзе для ўсіх нас надзвычай прадукцыйнай і цікавай.


"... старадаўнія звычаі ўжо не працуюць і не дзейнічаюць"


Еўрарадыё: Наколькі ўплывае на ваша штодзённае жыццё светапогляд нашых бабуль і дзядуль? Ці ёсць месца ў вашым жыцці абрадам ды забабонам? Якімі вачыма вы глядзіце на фолк: як на казку, як на мудрасць, як на натхненне, як на каменны век ці як на сучаснасць?


Марко Галаневіч: На жаль, фолк — гэта далёка не сучаснасць. Ён не ёсць рэальнасцю для звычайных жыхароў таго ж Кіева. Гэта такі прыемны ўспамін, прыемныя веды. Яго можна выкарыстоўваць. Але мы, людзі, настолькі змянілі нашу прыроду, што тыя старадаўнія звычаі ўжо не працуюць і не дзейнічаюць. Вёскі, не ведаю як у Беларусі, але ва Украіне выміраюць. Па вялікім рахунку, бабулі, якія неслі пласт традыцыйнай культуры, знікаюць. Абрады таксама не аднаўляюцца — яны выміраюць з-за непатрэбнасці. Людзей, якія нясуць гэтую культуру, ужо няма. Амаль няма. Тое, што спрабуюць зачастую адрадзіць, выглядае не заўсёды арганічна. Таму фальклор у тым выглядзе, у якім ён існаваў 100 гадоў таму, ужо, на жаль, немагчымы. Магчымы ён, верагодна, у такім варыянце, як яго прапануюць сучасныя музыкі, якія працуюць у стылі фолк- і world-music.


У нас з "ДахаБраха" ёсць пэўнае кола людзей, з якімі мы сустракаемся на некаторыя фальклорныя святы. Мы стараемся трымацца, памятаць пра тыя падзеі і іх святкаваць. Я думаю, што такія нязмушаныя сустрэчы, стварэнне атмасферы і падобныя санкцыі для фалклорных святаў і традыцыйнага ўкраінскага спосабу жыцця цалкам магчымыя.


Еўрарадыё: То бок, ходзіце ў Каляду і скачаце праз вогнішча на Купалле?


Марко Галаневіч: Так, так (смяецца). Такое бывае.


Еўрарадыё: Дзякуй вялікі, Марко. Чакаем вас на "Камяніцы".


Марко Галаневіч: Мы таксама чакаем сустрэчы з вамі. Беларускаму народу прывет!

Фота: open.ua, dakhabrakha.com.ua, Еўрарадыё, antigorod.com

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі