Вы тут

Дачка забітага брастаўчаніна Шутава падала апеляцыю ў Вярхоўны суд

Генадзь Шутаў / фота з сацсетак

Дачка забітага брастаўчаніна Генадзя Шутава накіравала апеляцыйную скаргу ў Вярхоўны суд, паведамляе БелаПАН. 

25 лютага ў Брэсце суд прызнаў Шутава пасмяротна вінаватым у супраціве вайскоўцу з ужываннем гвалту. Сябар Генадзя Шутава і сведка яго забойства Аляксандр Кардзюкоў быў асуджаны за тое ж самае на 10 гадоў калоніі. Яго абарона таксама плануе абскардзіць прысуд.

Шутаў атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня у Брэсце і памёр 19 жніўня ў ваенным шпіталі Мінска. Падчас суда стала вядома, што страляў афіцэр армейскага спецназу, якога накіравалі для дапамогі брэсцкаму АМАПу. Па факце смерці Шутава Следчы камітэт і пракуратура адмовіліся пачынаць крымінальную справу. А на судзе над Кардзюковым забіты брастаўчанін фігураваў як абвінавачаны.

Дачка Шутава Анастасія Баранчук у апеляцыйнай скарзе лічыць прысуд абласнога суда незаконным і неабгрунтаваным: на судзе не былі пададзеныя доказы віны яе бацькі.

"Дачка Шутава заяўляе, што, на яе думку, вайскоўцы злоўжылі службовымі паўнамоцтвамі, паводзілі сябе неапраўдана агрэсіўна і неправамерна ўжылі зброю. Відэазапіс з камеры назірання двара, у якім адбыўся канфлікт, не пацвярджае нападу Кардзюкова і Шутава на гэтых вайскоўцаў і наогул якой-небудзь барацьбы з імі", — кажа брэсцкі праваабаронца Раман Кісляк.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.