Дачка Юліі Чарняўскай: Сёння маму ўтрымліваюць як закладніка
Дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца суўладальніца TUT.by, якая імаверна была затрымана 18 траўня.
Дагэтуль невядома, дзе знаходзіцца суўладальніца TUT.by, ўдава Юрыя Зісера культуролаг Юлія Чарняўская, якая імаверна была затрымана 18 траўня. У аўторак да яе прыйшлі сілавікі, праз нейкі час Чарняўскую прывезлі ў 1-ю гарадскую клініку, дзе яе вартаваў аператыўнік. З бальніцы ў той жа дзень яна выпісалася, але дахаты не прыехала.
"Сёння маму ўтрымліваюць як закладніка, запалохваюць яе і аказваюць ціск, — піша ў Facebook дачка Юліі Чарняўскай Яўгенія. — Арганізоўваюць інфармацыйную блакаду, каб дэзарыентаваць, прымусіць адчуваць сябе разгубленай і не пускаюць да яе адваката".
Яўгенія Чарняўская падкрэслівае, што маці "не з'яўляецца акцыянерам Tut.by, не ведае ніякіх унутраных працэсаў". Нагадвае, што яна "інвалід, і апошнія 10 гадоў пакутуе ад моцных боляў у хрыбетніку і нагах". "Большую частку дня яна праводзіць лежачы ў ложку, працуе таксама лежачы за ноўтбукам, бо сядзець і хадзіць ёй вельмі балюча, — піша Яўгенія. — Таксама ў яе сур'ёзныя праблемы з сэрцам".
"Мне відавочна, што маму выкарыстоўваюць сілавыя органы, каб ціснуць на Tut.by", — адзначае дачка Юліі Чарняўскай.
18 траўня TUT.by быў заблакаваны, стала вядома пра крымінальную справу. Супрацоўнікаў TUT.by падазраюць ва ўхіленні ад падаткаў у асабліва буйным памеры. Па версіі сілавікоў, яны як рэзідэнты Парка высокіх тэхналогій атрымлівалі льготы, але займаліся дзейнасцю, не прадугледжанай у ПВТ. Прайшлі затрыманні і ператрусы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.