Дачка Аляксандра Казуліна: “Мы ў калоніі з татам гулялі ў нарды”

Пакаштаваўшы салат са свежай гародніны, Аляксандр Казулін прызнаўся, што ўжо нават забыўся пра існаванне такой ежы. Дочкі Аляксандра Казуліна, экс-кандыдата ў прэзідэнты, правялі тры дні ў кампаніі свайго бацькі на доўгатэрміновым спатканні ў калоніі “Віцьба”.
Еўрарадыё паразмаўляла з старэйшай дачкой Казуліна Вольгай. Дзяўчын вельмі строга абшуквалі на ўваходзе ў калонію. Гэта не перашкодзіла прынесці бацьку шмат розных прысмакаў.

Па словах Вольгі, Аляксандру ў калоніі нават няма з кім паразмаўляць ці згуляць у тэніс, але ж ён спрабуе практыкавацца з гантэлямі і займаецца аэробікай.

Як зараз адчувае сябе ваш бацька?


— Ва ўнутраным маральным стане ён вельмі ўпэўнены і вельмі спакойны, залагоджаны, упэўнены на мільён адсоткаў, што ўсё будзе добра. А вось здароўе ў яго не вельмі. Ачувае пастаянную млявасць, санлівасць. Фізічна спрабуе ўзнавіцца, але ж з вялікімі цяжкасцямі. Спрабуе займацца з гантэлямі, але гэта не вельмі добра ў яго атрымліваецца. Аэробіка таксама яму вельмі цяжка даецца, таму што ўсё адразу аддае ў спіну, ногі, выпадаюць калені.

А што з вагой? Ён змог урэшце яе аднавіць пасля выхаду з галадоўкі?

— Вага ў яго зараз 85 кг, канешне, калі яго арыштоўвалі ён важыў недзе 105 кг. але ж для росту 1.88 м мы лічым, што гэта нармальна.

Па словах Вольгі, на Казуліна ўвесь час маральна ціснуць. І нават на ўваходзе дзяўчын вельмі строга абшукалі, парэзалі ўсе торты і пірагі.

— Калі мы да яго праходзілі, нас цалкам абшукалі. Парэзалі ўсе торты нашыя, якія мы пеклі, піражкі. Быў асабісты вобшук. З мяне знялі нават ніжнюю бялізну. Каб не дай бог, што-небудзь не пранеслі. Хаця, яны ўсе добра разумеюць, што шчырыя і нічога туды цягнуць не будзем.

А чым вы займаліся гэтыя тры дні?

— У асноўным мы размаўлялі і гралі ў нарды. Ён хоць у нарды з намі пагуляў. Таму што там яму няма з кім гэта рабіць. Мы гатавалі ежу і гулялі па лакальным участку.

Няўжо ў вашага бацькі там так і не атрымалася знайсці сабе ніводнага сябра?

— Там яму нават няма з кім гуляць у тэніс. Усе навокал запужаны. Баяцца з ім не толькі ўступаць у стасункі, а нават у тэніс пагуляць. І гэта не з’яўляецца ніякім сакрэтам. Калі ў любога вязня спытаць пра Казуліна, ён скажа, што нельга з ім уступаць у стасункі і ўсё. Ён проста там адзін. Ён ходзіць, гуляе, чытае кніжкі. Фактычна сам на сам.

— А што вам распавядаў бацька?


Распавёў, што шмат чаму там навучыўся. Спакою. Не звяртаць увагі на дробязі. Ён усё там запамінае, аналізіруе. І вельмі хутка ўсё гэта стане момантам гісторыі і новых кніг. Мы размаўлялі пра ўсё. Размаўлялі ў першую чаргу пра маральнае, унутранае, пра філасофію. Ён зразумеў, колькі памылак здзяйсняў, зразумеў, што трэба рабіць зараз. Размаўлялі пра палітыку, пра апазіцыю, пра Лукашэнку і Еўразвяз. Асноўнае, што ён адзначыў, гэта тое, што ён ніколі не думаў, што чалавек у нашай краіне – гэта такая невялікая істота, да якой ставяцца як да нейкай жывёліны. Калі ў адносінах да кандыдата ў прэзідэнты так парушаюць правы, то што тады казаць пра звычайнага чалавека.

А ці ёсць ў яго магчымасць атрымліваць інфармацыю?

— У адносінах да яго аб’яўлена інфармацыйная блакада. Навіны з інтэрнэту да яго не трапляюць. Вось Скрабец яму напісаў чатыры лісты і дадаў да іх палітычныя навіны з Інтэрнэту. Лісты да яго дайшлі. А дадатак увесь забралі.

Не так даўно хадзілі чуткі, што нават яго спрабавалі збіць. Ці праўда гэта?

— Гэта было, калі ён выходзіў з галадоўкі, калі ён важыў яшчэ 60 кг, калі ён ледзь перасоўваўся і ледзь дыхаў. Да яго падыйшоў начальнік атраду, замахнуўся і спрабаваў яго ўдарыць, але ж ён адхіліўся. Зараз ён вельмі шкадуе, што адхіліўся таму што гэта было б рэальным фізічным уздзеяннем і тады б былі доказы, што ён яго біў. А атрымалася, што яго ўдарылі, ён адхіліўся, а тата яшчэ і апынуўся злосным парушальнікам, яму яшчэ за гэта спагнанне далі.

Вядома, што вы пастараліся прывесці бацьку як мага больш прысмакаў?

— Арбуз, хатнія піражкі з капустай, чарэшню, лісічкі з маладой бульбай. Ён еў салат са свежай гародніны, які мы яму прывезлі. І сказаў, што ўжо нават забыўся, што такая ежа існуе. Нам дазволілі пранесці толькі 30 кілаграмаў. Вельмі строга і ні грама болей. Мы хацелі яму як мага больш пакласці, таму што наступная перадача толькі праз два месяцы.

Дзяўчыны нават прывезлі бацьку яго любімае козінае малако. Але ўзяць яго потым з сабою ён нажаль не змог.

— Мы яму прывезлі козінае малако, але, нажаль, яно ж было ў слоіках. А яны шмат выжылі. Ён выпіў паўтары трохлітровай слойкі за гэтыя тры дні, што мы правялі разам. А з сабою ўзяць не змог, таму што было шмат іншай ежы. Ён ніколі не мог нават падумаць, што чалавеку трэба столькі мала рэчаў, для таго, каб жыць. Раніцай ён выпівае сырое яйка, днём есць кашу на вадзе, а вячэрае кавай ці гарбатай. Тобок ён практычна там нічога не есць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі