Д. Бутрын, “КоммерсантЪ”: газ не адключаць, пакуль Мілер на бальнічным

Па каментары наконт таго, што адбываецца паміж “Газпромам” і беларускім урадам, “Еўрарадыё” звярнулася да загадчыка аддзела эканамічнай палітыкі расійскай газеты “КоммерсантЪ” Дзмітрыя Бутрына. На думку нашага эксперта, прымаючы рашэнне па скарачэнні паставак газу ў Беларусь, “Газпром” скарыстаўся ці не апошнім акном перад пачаткам у Расіі перадвыбарнай гонкі за прэзідэнцкую пасаду. Маўляў, з пачаткам восені пра такія жорсткія і непапулярныя захады, як перапыненне ці скарачэнне паставак газу, можна будзе забыцца.

Але, нягледзячы на “апошнюю магчымасць” не толькі публічна заявіць пра намер скараціць пастаўкі газу, але і здзейсніць такі намер, верагоднасць таго, што вентыль усё ж прыкруцяць, невялікая:

Дзмітрый Бутрын: “Я не думаю, што ў адсутнасць Аляксея Мілера, які па-ранейшаму знаходзіцца на бальнічным, зараз нехта возьме на сябе адказнасць за палітычнае рашэнне па такім адключэнні. Гэта вельмі небяспечна, і, са свайго боку, памяншае шанцы.

З іншага боку, усе разумеюць, што зараз, летам, гэтае магчымае адключэнне – у большай ступені піяр-акцыя, чым нешта рэальнае. У ацяпляльны сезон – іншая гісторыя, але гаворка ідзе пра пачатак лета, і ніякіх праблем з гэтым не будзе”.

Сапраўды, эфект ад пагрозы скарачэння паставак газу ўзімку, калі праз адсутнасць паліва ўрад Беларусі рызыкаваў бы застацца сам-насам з мільёнамі гараджан, незадаволеных холадам у сваіх кватэрах, нашмат большы, чым ад заявы, якой “Газпром” прыстрашыў Беларусь зараз. Таму Дзмітрый Бутрын лічыць, што нашая краіна па-ранейшаму захоўвае магчымасць не расплочвацца па рахунках расійскага нафтагазавага гіганта:

Дзмітрый Бутрын:
“Неплацёж – гэта спосаб паказаць ураду Расіі, што дыскусія яшчэ не скончаная. Так, неплацёж – гэта спосаб заставацца ў пазіцыі перамоўшчыка.

У той момант, калі пачнуцца плацяжы па расійскім графіку, сітуацыя фіксуецца. Гэта значыць, што Беларусь прайграла. Пакуль Беларусь яшчэ не плаціць па графіку, а толькі збіраецца заплаціць, яна застаецца ў перамовах.

Я думаю, што дойдзе справа да пералічэння нейкай мінімальнай сумы ў бюджэт “Газпрома”, а далей гандаль працягнецца”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі